Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАКОН “АБ РЭЛІГІЙНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯХ” СКІРАВАНЫ СУПРАЦЬ РЭЛІГІЙНЫХ МЯНШЫНЯЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўнік камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Станіслаў Буко сёньня заявіў, што новы варыянт закону “Аб веравызнаньнях” ёсьць вельмі дэмакратычным. Гэты законапраект ухвалены ніжняй палатаю, а ў верасьні будзе зацьвярджацца верхняй палатаю гэтак званага нацыянальнага сходу.

Паводле законапраекту, традыцыйнымі для Беларусі прызнаюцца 5 канфэсіяў: праваслаўе, каталіцызм, лютэранства, юдаізм ды ісьлям. Прадстаўнікі гэтых канфэсіяў у асноўным падтрымліваюць прыняцьцё закону.

Рэгістравацца будуць толькі тыя рэлігійныя абшчыны, якія маюць ня менш за 20 сябраў. Камітэту ў справах рэлігіяў новы закон дае шырокія паўнамоцтвы – вызначаць, якая абшчына можа быць зарэгістраваная, а якая не, а таксама прыпыняць рэгістрацыю рэлігійных суполак. Міліцыя ж мае права затрымліваць людзей, якія самавольна зьбіраюцца на малітву ў прыватных памяшканьнях. Аднак старшыня камітэту Станіслаў Буко сьцьвярджае, што ніякіх перашкодаў рэлігійным мяншыням чыніцца ня будзе:

(Буко: ) “Ніхто не забараняе вывучаць Біблію, калі яе вывучаюць у хаце, нават калі гэта робіць група людзей. Але тады, калі гэта будзе мець масавы, сыстэматычны, сталы характар – тады для гэтага ёсьць малітоўныя дамы”.

Іншымі словамі, калі ў прыватнай хаце раз на тыдзень будуць зьбірацца больш за 3-4 чалавекі на малітву, такую суполку прыцягнуць да адміністрацыйнае адказнасьці. Так, напрыклад, у незарэгістраваную абшчыну менскіх індуістаў бясконца наведваюцца міліцыянты. А ў мінулую суботу некалькі сябраў гэтае суполкі былі затрыманыя за арганізацыю пікету ў абарону свабоды сумленьня.

Гаворыць прэзыдэнт беларускіх індуістаў Тацяна Акаданава:

(Акаданава: ) “Пэрыядычна на тых кватэрах, якія мы здымаем пад храм, прыяжджае міліцыя ды ладзіць ператрус. Паводзяць сябе вельмі некультурна й бясконца нас абражаюць. Толькі адзін раз нас забралі ў пастарунак, пратрымалі дзьве гадзіны, спраўдзілі дакумэнты й сказалі больш на той кватэры не зьбірацца”.

Падобныя праблемы маюць і некаторыя абшчыны беларускіх баптыстаў і пяцідзясятнікаў, якіх улады таксама залічылі ў нетрадыцыйныя канфэсіі. Прадстаўнікі гэтых рэлігійных аб’яднаньняў Гераман Родаў і Сяргей Цвор не выключаюць, што калі новы закон будзе такі прыняты, многія іхныя абшчыны будуць вымушаныя сысьці ў падпольле, як гэта было за савецкім часам.

Пра дэстабілізацыю канфэсійнага становішча ў Беларусі папярэджвалі дэпутатаў палаты прадстаўнікі КГБ, але безвынікова.

З гэтым згодны выканаўчы дырэктар Беларускага Гельсынскага камітэту Алег Гулак, які даўно займаецца абаронаю правоў рэлігійных мяншыняў:

(Гулак: ) “Сёньня мы гэта бачым. У Беларускі Гэльсынскі камітэт ідзе шмат зваротаў ад розных рэлігійных арганізацыяў і грамадзянаў – у прыватнасьці, пра тое, што яны занепакоеныя гэтай сытуацыяй. І, як юрыст, я бачу, што гэтыя фармулёўкі закону даюць магчымасьць зрабіць такім чынам, што гэта будзе фактычна закон “Аб забароне свабоды сумленьня”.

Паводле ягоных словаў, правабаронцы паспрабуюць пераканаць дэпутатаў гэтак званага савету рэспублікі не прымаць гэты закон. Праваабаронцы таксама зьбіраюцца стварыць спэцыяльную арганізацыю, якая будзе займацца абаронаю правоў вернікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG