Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРЫСАЎСКІЯ “ЗУБРЫ”, ПАКАРАНЫЯ ЗА ПІКЕТАВАНЬНЕ РАСЕЙСКАЙ АМБАСАДЫ, АБВЕСЬЦІЛІ ГАЛАДОЎКУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Па 10 сутак адміністрацыйнага арышту атрымалі барысаўцы Сяргей Пезкін ды Ігар Закрэўскі, якія ўчора пікетавалі расейскую амбасаду, пратэстуючы супраць заяваў Уладзімера Пуціна пра далучэньне Беларусі да Расеі. Сёньня іхныя справы разгледзела судзьдзя Тацяна Паўлючук з Цэнтральнага суда Менску. Судзьдзя апытала сьведкаў-міліцыянтаў, прагледзела відэазапіс 10-хвіліннай акцыі побач з расейскай амбасадай і вырашыла, што барысаўцы праводзілі несанкцыяваны пікет.

Пезкін і Закрэўскі былі з такім вызначэньнем ня згодныя. Яны сьцьвярджалі, што не стаялі побач з амбасадаю з плякатамі – што закон лічыць пікетаваньнем – а хадзілі па ходніках уздоўж вуліцы. А гэта, на іхную думку, законам не забаронена. Судзьдзя палічыла інакш і адправіла абодвух актывістаў барысаўскай суполкі арганізацыі “Зубр” на 10 дзён у пастарунак.

Нагадаю, Сяргей Пезкін выйшаў учора да расейскай амбасады з плякатам, на якім было напісана: “Расея, ты нішчыш братэрскі саюз сваёй падтрымкаю рэжыму Лукашэнкі”. Ігар Закрэўскі трымаў у руках зварот да Ўладзімера Пуціна: “Пуцін, абарона правоў чалавека ў Беларусі больш істотная за палітычныя інтарэсы”. Такім чынам, за заклік бараніць правы чалавека ды захоўваць незалежнасьць краіны барысаўцы атрымалі па 10 дзён арышту.

Вось як пракамэнтаваў гэтую акалічнасьць Сяргей Пезкін:

(Пезкін: ) “Дыктатары вельмі палохаюцца галоснасьці. Ім галоўнае, каб ніхто нічога ня бачыў, ня чуў, не выступаў. Іх вельмі палохае, калі іхныя цёмныя справы пачынаюць выкрываць. Таму яны імкнуцца гэта задушыць адпачатку, каб жа квёлыя парасткі дэмакратыі не вырасьлі ў вялікія дрэвы”.

Сяргей Пезкін ужо аднойчы сядзеў тры дні ў ізалятары на Акрэсьціна, і хаця ў яго засталіся ня лепшыя ўспаміны пра тыя дні, чарговае зьняволеньне яго не асабліва палохае. Ён лічыць, што некаму абавязкова было прадэманстраваць сваю пазыцыю да заяваў Уладзімера Пуціна пра далучэньне Беларусі да Расеі. Пезкін катэгарычна супраць такого далучэньня і заяўляе, што гатовы й на большыя ахвяры. З учорашняга дня ён абвесьціў галадоўку ў знак пратэсту супраць незаконнага, як ён лічыць, затрыманьня.

Галадоўку трымае і Ігар Закрэўскі ды трэці пікетоўца, Алесь Голуб. Суд над Голубам пачаўся напрыканцы дня, і вынікі яго яшчэ невядомыя. Ёсьць спадзяваньні, што ў дачыненьні да Голуба судзьдзя абярэ больш мяккае пакараньне, бо раней яго не затрымлівалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG