Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІДЭРЫ АПАЗЫЦЫІ ПАТРАБУЮЦЬ ВЫКЛЮЧЭНЬНЯ З КРЫМІНАЛЬНАГА КОДЭКСУ ТРОХ АРТЫКУЛАЎ


Уладзімер Глод, Менск

Беларуская асацыяцыя журналістаў сёньня выступіла са зваротам да грамадзянаў Беларусі. Яна патрабуе адмены трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія адмыслова ахоўваюць кіраўніка дзяржавы і дзяржаўных чыноўнікаў. БАЖ сьцьвярджае, што цяпер кожнае крытычнае слова на адрас уладных структураў можа кваліфікавацца як злачынства супраць улады. І таму рэпрэсіі могуць быць накіраваныя ня толькі супраць журналістаў, але й супраць кожнага, хто не прымае сёньняшнія рэаліі.

Паводле словаў кіраўніка Цэнтру праўнае абароны журналістаў пры БАЖ Міхала Пастухова, падобныя артыкулы ў заканадаўстве ёсьць толькі ў дзьвюх краінах СНД – Казахстане й Туркмэністане. БАЖ сёньня пачынае кампанію збору подпісаў грамадзянаў Беларусі за выключэньне адпаведных артыкулаў з Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Лідэры палітычных партыяў падтрымалі ініцыятыву БАЖ у выняцьці з Крымінальна кодэксу артыкулаў 367, 368 і 369. Гаворка ідзе пра артыкулы “Паклёп у дачыненьні да Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь”, “Зьнявага Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь” і “Зьнявага прадстаўніка ўлады”.

Намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Уладзімер Нісьцюк наступным чынам камэнтуе прапановы Беларускай асацыяцыі журналістаў:

(Нісьцюк: ) “Мне бачыцца, што надышоў той час, калі акрамя заяваў, нейкіх зваротаў, нашая асацыяцыя беларускіх журналістаў як уплывовая, моцная арганізацыя вырашыла пачаць актыўную канкрэтную працу – збор подпісаў, запрашэньне да выказваньняў сваёй думкі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, запрашэньне дэпутатаў палаты прадстаўнікоў да разважаньня над сытуацыяй са сродкамі масавай інфармацыі, асабліва незалежнымі... Гэта новы крок. Палітычныя партыі выказалі на паседжаньні Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў падтрымку гэтай ініцыятывы.

І бачыцца, што ёсьць магчымасьць цяпер агульнымі намаганьнямі пазмагацца за нашую журналістыку, за свабоду слова ў Беларусі, за дэмакратыю ў Беларусі. І гэтыя змаганьні ўжо набываюць новыя рысы, практычныя рысы, якія дэманструюць уладзе незадаволенасьць яе дзеяньнямі ня толькі ў коле палітыкаў, грамадзкіх дзеячоў або журналістаў, але й незадаволенасьць шырокага кола грамадзянаў. Гэта вельмі важна ў цяперашніх умовах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG