Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСК ПРЫЕХАЎ НОВЫ РАСЕЙСКІ АМБАСАДАР, А ШЭФ БЕЛАРУСКАЕ ДЫПЛЯМАТЫІ ЕДЗЕ Ў МАСКВУ


Юры Сьвірко, Менск

Адразу пасьля вядомай прапановы прэзыдэнта Расеі пра рэфэрэндум наконт уваходжаньня Беларусі ў склад ягонай дзяржавы ў Менск прыбыў новы расейскі амбасадар Аляксандар Блахін. Ён пакуль не пасьпеў уручыць нават копіі сваіх даверчых граматаў беларускаму дыпляматычнаму ведамству, таму МЗС лічыць яго проста “прызначаным амбасадарам”. Такі статус даволі працяглы час меў амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак, граматы якога не хацеў прымаць Аляксандар Лукашэнка. Паводле некаторых крыніцаў у беларускім МЗС, сытуацыя можа паўтарыцца і з амбасадарам Расеі.

Сам спадар Блахін ухіляецца ад кантакатаў з журналістамі, хаця й знаходзіцца ў сваім працоўным кабінэце на вуліцы Старавіленскай. Дарэчы, першы працоўны дзень новага амбасадара пачаўся з назіраньня за пікетам удзельнікаў руху “Зубр” і за іх затрыманьнем. Расейская амбасада гэтую падзею не камэнтуе.

Тым часам сёньня ўвечары міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў накіраваўся ў Маскву. Заўтра ён сустрэнецца там з выканаўцам абавязкаў міністра замежных справаў Расеі Валерыем Лашчыніным, які раней ачольваў амбасаду ў Менску ды мае беларускія карані.

Вось што заявіў з нагоды маскоўскага візыту спадара Хвастова прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка:

(Латушка: ) “Згаданую сустрэчу беларускі бок разглядае як працяг супрацоўніцтва ў рэчышчы дамоўленасьцяў, якія былі дасягнутыя прэзыдэнтамі Беларусі й Расеі 14 жніўня. Кіраўнікі дзяржаваў даручылі замежнапалітычным ведамствам дзьвюх краін прадоўжыць каардынацыю сваіх пазыцыяў”.

Гэтая каардынацыя дзеяньняў, паводле спадара Латушкі, найперш датычыцца працы зь міжнароднымі арганізацыямі кшталту ААН, АБСЭ й Рады Эўропы. Кіраўнікі дыпляматычных ведамстваў Расеі й Беларусі абмяркуюць таксама рэалізацыю праграмы ўзгодненых дзеяньняў у галіне замежнае палітыкі дзьвюх краін у рамках гэтак званае саюзнае дзяржавы.

Аднак прэсавая служба беларускае амбасады ў Маскве сфармулявала тэму перамоваў больш шырока, чым МЗС у Менску: “узровень і пэрспэктывы палітычных і гандлёва-эканамічных стасункаў паміж дзьвюма краінамі, а таксама пытаньні будаўнітцва саюзнае дзяржавы”.

Дарэчы, Валеры Лашчынін напярэдадні сустрэчы заявіў, што Маскве вядома: “Беларусь хацела б працягваць стасункі з Расеяй на ўзроўні саюзных дзяржаваў”. “Гэтыя пытаньні будуць разглядацца менавіта гэтак”, – заявіў першы намесьнік міністра замежных справаў Расеі.

Аднак спадар Лашчынін нагадаў і пра варыянт стварэньня адзінае дзяржавы, заявіўшы: “Гэты варыянт разглядаецца, ён знаходзіцца на стале перамоваў. І калі беларускі бок з гэтым пагодзіцца, ён можа быць разгледжаны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG