Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФЭДЭРАЦЫЯ МОЛАДЗІ “УНІІ ПРАЦЫ” ЗАНЕПАКОЕНАЯ СЫТУАЦЫЯЙ У БЕЛАРУСІ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

(Карэспандэнт: ) “Спадар Кобжак, напярэдадні вашая арганізацыя правяла пікет каля беларускай амбасады ў падтрымку “Пагоні”, а нядаўна вы рашуча выказаліся супраць зьняволеньня гарадзенскай актывісткі Сьвятланы Нех. Чаму Фэдэрацыю моладзі “Уніі Працы” так непакоіць сытуацыя ў Беларусі?”

(Кобжак: ) “Для нас як арганізацыі левага накірунку пытаньне парушэньняў правоў чалавека зьяўляецца прынцыповым. Прычым не істотна, дзе гэта адбываецца – у Польшчы, Кітаі, ЗША ці ў Беларусі. Фэдэрацыю часам нават абвінавачваюць у тым, што мы надаем занадта шмат увагі праблеме правоў чалавека ў краінах, якія знаходзяцца далёка ад нас. Але як мы можам не клапаціцца пра сытуацыю ў суседняй Беларусі, дзе палітычныя правы грамадзянаў сыстэматычна парушаюцца? Мы памятаем, што калі Польшча была ў няволі, з-за мяжы нам прыходзіла шмат вельмі неабходнай тады дапамогі. Таму цяпер мы хочам таксама рэагаваць на несправядлівасьць і парушэньні правоў чалавека ў іншых краінах”.

(Карэспандэнт: ) “Фэдэрацыя моладзі “Уніі працы” мае сталыя кантакты зь беларускай “Маладой Грамадой”. Вы сустракаецеся, абменьваецеся досьведам і поглядамі на палітычную сытуацыю ў Беларусі. Як бы вы ацанілі тое, што робіцца цяпер у нашай краіне?”

(Кобжак: ) “Сытуацыя ў Беларусі нас вельмі непакоіць. Адразу за нашай усходняй мяжой існуе дзяржава, якая шмат гадоў гвалціць прынцыпы дэмакратыі. Дзяржава, у якой людзей садзяць у турмы за палітычныя перакананьні і няма ніякіх умоваў для нармальнага функцыяваньня апазыцыі. Так быць ня можа. Таму мы вельмі ўважліва прыглядаемся да сытуацыі ў Беларусі і як толькі можам пратэстуем супраць антыдэмакратычных захадаў менскіх уладаў. Трэба, каб польская грамадзкасьць ведала аб тым, што робіцца за 200 кілямэтраў ад Варшавы, аб тым, як улады перасьледуюць тых, хто нязгодны з палітыкай Лукашэнкі”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Кобжак, ці можна спадзявацца на тое, што ў будучым вашая арганізацыя будзе гэтаксама спрыяць беларускай дэмакратыі?”

(Кобжак: ) “Безумоўна, і надалей мы будзем актыўна цікавіцца беларускімі справамі. Але я спадзяюся, што ў пэўным часе гэта стане непатрэбным, бо сытуацыя ў Беларусі нармалізуецца і там пачнуць дзейнічаць дэмакратычныя законы. Я глыбока перакананы, што калісьці Беларусь далучыцца да супольнасьці дэмакратычных краінаў, у якіх шануюцца грамадзянскія правы і правы апазыцыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG