Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ ЎРАД У НАСТУПНЫМ ГОДЗЕ ПЛЯНУЕ ЗНАЧНА СКАРАЦІЦЬ САЦЫЯЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ


Уладзімер Глод, Менск

Праект дзяржаўнага бюджэту, які падрыхтаваў беларускі ўрад, ужо трапіў у адпаведную камісію так званай палаты прадстаўнікоў. Першае знаёмства зь ім паказвае, што наперадзе ў беларусаў нялёгкі год.

Так, плянуецца, што жыхары будуць аплачваць з уласнай кішэні ня менш за 60% ад сабекошту выдаткаў жытлова-камунальных службаў. У рэгіёнах пасажыры будуць аплачваць аж 75% кошту паездак. У 2003 годзе плянуецца пашырыць спэктар платных мэдычных паслугаў, які павінныя скласьці ня менш за 35% ад агульнага аб’ёму фінансаваньня галіны.

Адначасова будуць адмяняцца льготы. Гэта хочуць зрабіць на транспарце, у камунальнай сфэры, сувязі, пры атрыманьні лекаў. Урад прапануе чарговы раз скараціць ільготы чарнобыльцам, вайскоўцам ды некаторым іншым катэгорыям насельніцтва. Адметна, што аўтары праекту бюджэту хочуць пазбавіць некаторых выгадаў нават Герояў Савецкага Саюзу, Сацыялістычнай працы, поўных кавалераў ордэну Славы і працоўнай Славы. Падрыхтаваныя папраўкі да адпаведных законаў.

Падобна, што ўладам катастрафічна не хапае грошай. Менавіта так лічыць кандыдат навук, эканаміст Кастусь Скуратовіч:

(Скуратовіч: ) “У наступным годзе ніякага паляпшэньня зь дзяржаўнымі фінансамі не праглядаецца. Хутчэй, наадварот. Ужо некалькі гадоў запар рэальныя прыбыткі прадпрыемстваў скарачаюцца. Прыкладам, за сем месяцаў бягучага году ў параўнаньні з адпаведным пэрыядам мінулага году рэальныя прыбыткі прадпрыемстваў скараціліся на 15%. А гэта значыць, што прыкладна на столькі ж скарацілася і тая база, на якую можна накласьці падаткі.

Гэта значыць, што, уласна кажучы, няма дзе браць тыя грошы, калі іх толькі не друкаваць. А гэта зноў інфляцыя, тое, што было знаёмае нам па мінулых гадах, калі Беларусь ставіла рэкорды па друкаваньні пустых паперак пад назовам грошы”.

Нават складальнікі праекту бюджэту разумеюць ягоную непапулярнасьць. Нездарма ж яны пішуць, што гэта робіцца “для прывядзеньня ў адпаведнасьць сацыяльных абавязкаў дзяржавы з эканамічнымі магчымасьцямі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG