Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖАЎНЫЯ МЭДЫІ ПЕРАЙМАЮЦЬ НЕЗАЛЕЖНІЦКУЮ РЫТОРЫКУ


Алесь Грыневіч, Менск

Беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне і шэраг дзяржаўных газэтаў занялі выразную незалежніцкую пазыцыю, камэнтуючы прапанову Ўладзімера Пуціна аб далучэньні Беларусі да Расеі. На сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Маскве ў сераду расейскі прэзыдэнт прапанаваў правесьці ў траўні наступнага году рэфэрэндум аб фактычным ператварэньні беларускіх абласьцей у суб'екты Расейскай Фэдэрацыі

Галоўны рэдактар газэты прэзыдэнцкай адміністрацыі "Советская Белоруссия" Павел Якубовіч у сёньняшняй рэдактарскай калёнцы называе гэты плян сцэнарам аншлюсу, зьмены межаў і палітычнай мапы сьвету. Камэнтуючы рэакцыю расейскіх мэдыяў і палітыкаў, спадар Якубовіч піша: "...маскоўскі палітычны істэблішмэнт згубіў усялякае пачуцьцё сораму і гатовы ўзьвесьці любы гук, зроблены Ўладзімерам Пуціным, у ранг урачыстай араторыі".

Слова "аншлюс" прагучала і ў праграма дзяржаўнага тэлебачаньня. Вось цытата з учорашняй праграмы "Панарама": "...за нас прагназуюць выгоды, якія самапальныя палітыкі ўжо падлічылі для Беларусі як для расейскай губэрніі. Ужо з усьмешкай паціраюць далоні і малююць карціны, калі двухгаловы расейскі арол накрывае сваім крылом незалежную краіну". Тамсама прагучала і апытаньне беларусаў, якія адназначна выказваліся ў падтрымку дзяржаўнага сувэрэнітэту.

Віцэ-прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Аляксандар Тамковіч кажа, што незалежніцкая рыторыка ў дзяржаўных мэдыях выкліканая адчуваньнем палітычнай кан'юнктуры і наўпроставымі загадамі ўладаў.

(Тамковіч: ) "Зьвярніце ўвагу на тое, што ў галоўнай газэце краіны самы галоўны піаршчык прэзыдэнта, і самы выдатны піаршчык сёньня ўсё так, як кажуць, па палічках расклаў, і "Советская Белоруссия" сёньня выклала рэдактарскі погляд на тое, што адбылося. Я не сумняюся, што рэдактарскі погляд спадара Якубовіча адпавядае погляду прэзыдэнта. Гэта што тычыцца кан'юнктуры. Ну а каманда – тое, што ўсе дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ў адным напрамку асьвятляюць сустрэчу ў Маскве. Не бывае цуду – там што скажуць, тое й будзе".

Спадар Тамковіч кажа, што надалей можна чакаць замацаваньня незалежніцкай ідэалёгіі ў дзяржаўных мэдыях.

(Тамковіч: ) "Я ня думаю, што гэтая незалежніцкая ідэалёгія будзе супадаць з той ідэалёгіяй, якой трымаецца, напрыклад, Народны Фронт альбо іншыя дэмакратычныя партыі. Але гэта будзе свая ідэалёгія сувэрэнітэту, якая будзе панаваць у дзяржаўных СМІ. Ведаеце, выйсьця няма. Загналі ў кут, і ўсё. Далей Аляксандар Рыгоравіч будзе абараняць дзяржаву як самога сябе".

А вось былы рэдактар прафсаюзнага тыднёвіка "Беларускі час" Аляксандар Старыкевіч кажа, што цяперашняя незалежніцкая рыторыка ў дзяржаўных мэдыях не працягнецца доўга. Ён лічыць, што Аляксандар Лукашэнка няздольны супрацьстаяць расейскім амбіцыям, пасварыўшыся з Захадам і фактычна зруйнаваўшы беларускую эканоміку.

(Старыкевіч: ) "Я лічу беспадстаўнымі спадзяваньні на тое, што Лукашэнка ператворыцца ў абаронцу беларускага сувэрэнітэту. Ён будзе нейкі час гандлявацца з Расеяй, але ў рэшце рэшт ён аддасьць усё, што ад яго патрабуюць, на найбольш выгодных для сябе ўмовах. Адпаведна будуць паводзіць сябе і абслугоўваць патрэбы канкрэтнага моманту і сродкі масавай прапаганды".

Дарэчы, адной з прычынаў нядаўняга звальненьня спадара Старыкевіча з пасады рэдактара газэты "Беларускі час" новы кіраўнік прафсаюзаў Леанід Козік назваў менавіта матэрыялы супраць расейска-беларускай інтэграцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG