Бацькі заяўляюць, што суд стаў на абарону інтарэсаў дзяржавы і намерваюцца зьвяртацца ў вышэйшыя судовыя інстанцыі, а таксама праваабарончыя арганізацыі.
Ганна Саладкевіч, Ганна Саўко і Сьвятлана Карпека лічаць, што ў трагедыі вінаватыя арганізатары сьвята. Жанчыны патрабавалі праз суд спагнаць зь іх па 100 мільёнаў беларускіх рублёў на карысьць кожнай сям’і за матэрыяльныя страты і маральныя пакуты.
Чыноўнікі ад арганізацыяў-адказчыкаў не прызналі сваёй віны нават часткова, а кампанія “Кляс-Клюб”, міліцэйскія чыноўнікі Кандрацін і Русак, якія непасрэдна адказвалі за правядзеньне сьвята, на паседжаньне ўвогуле не зьявіліся. Але судзьдзя Шастакоў адхіліў хадайніцтвы аб іхным прыводзе ў суд, а патрабаваньні заяўнікаў прызнаў бяздоказнымі й у выніку слуханьняў вынес рашэньне на карысьць дзяржаўных органаў.
Вось як гэта камэнтуе пацярпелая Сьвятлана Карпека:
(Карпека: ) “Суд абараняе правы дзяржавы, а не чалавека. Вось гэта й было даказана ў судзе, што жыцьцё грамадзяніна Беларусі нічога ня значыць для дзяржавы, абсалютна ня цэніцца”.
У тым, што суд у Беларусі адстойвае інтарэсы дзяржавы, а не яе грамадзянаў, перакананая таксама й удзельніца аналягічнага працэсу Натальля Навакоўская. Месяц таму гэты ж суд адмовіўся задаволіць аналягічны пазоў спадарыні Навакоўскай, а таксама Ніны Іньковай і Вольгі Янцовай. Але яны ўсё ж намерваюцца працягваць барацьбу і нават зьбіраюцца даслаць ліст Ўладзімеру Пуціну. Гаворыць Натальля Навакоўская:
(Навакоўская: ) “Мы бачым, як прэзыдэнт Пуцін ставіцца да сваіх трагедыяў: людзей падтрымліваюць. А ў нас загінула столькі людзей і чыста такое – каб толькі адчапіцца”.
Адвакат Алег Воўчак, які ў якасьці абаронцы ўдзельнічаў у абодвух працэсах, сьцьвярджае, што ў сёньняшнім становішчы несвабоды такі судовы вэрдыкт лёгка вытлумачальны. Аднак, прымаючы такія рашэньні, суд працуе не на карысьць свайго іміджу ды прэстыжу дзяржавы. Гаворыць Алег Воўчак:
(Воўчак: ) “Рашэньне вынесенае незаконна – гэтак жа, як і ў першым судовым працэсе. Тут і Канстытуцыя, і законы, і жыцьцё чалавека – і суд усё адхіляе. Праблема суду будзе ў тым, што ён губляе імідж сярод ня толькі звычайных грамадзянаў, але й сярод эліты грамадзтва, бо Няміга – гэта грамадзка-значная зьява. Проста суд ператварыўся ў выканаўчую ўладу”.
Сёньняшняе рашэньне Маскоўскага райсуду пацярпелыя намерваюцца абскардзіць у гарадзкім судзе Менску.