Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ЗРОБІЦЦА ЛУКАШЭНКА ВЫДАТНЫМ БЕЛАРУСАМ?


Алесь Грыневіч, Менск

Адзін з ініцыятараў стварэньня групы па сувязях зь Беларусьсю ў брытанскім парлямэнце Джым Дынглі кажа, што міжнароднай супольнасьці нічога не застанецца, як прыняць такое аб’яднаньне, калі будзе лічыцца, што гэта воля беларускага народу. Таму, на думку спадара Дынглі, шмат будзе залежаць ад настрояў у беларускім грамадзтве і ад пазыцыі Аляксандра Лукашэнкі.

Плян Уладзімера Пуціна – далучыць Беларусь да Расеі, агучаны ўчора на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Маскве, пакуль ня выклікаў ажыўленай рэакцыі замежных палітыкаў і мэдыяў. Часткова гэта можна патлумачыць тым, што жнівень – традыцыйны сэзон вакацыяў у палітычных колах.

Прэсавы сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Філіп Рыкер учора заявіў журналістам, што інтэграцыя – гэта справа Беларусі й Расеі. Аднак, паводле ягоных словаў, ЗША спадзяюцца, што беларуска-расейскае аб’яднаньне будзе адлюстроўваць волю двух народаў і ня будзе перашкаджаць больш шырокай інтэграцыі ў эўрапейскія і сусьветныя структуры.

Адзін з ініцыятараў стварэньня групы па сувязях зь Беларусьсю ў брытанскім парлямэнце Джым Дынглі кажа, што міжнароднай супольнасьці нічога не застанецца, як пагадзіцца з паглынаньнем Беларусі, калі будзе лічыцца, што гэта воля беларускага народу.

(Дынглі: ) “На маю думку, міжнародная рэакцыя будзе менавіта такой. Калі гэта будзе воля беларускага народу – увайсьці ў склад Расеі як правінцыя, то добра. Але што будзе гаварыць беларускі народ на гэты конт – гэта іншая справа. Але я думаю, што афіцыйная міжнародная рэакцыя будзе менавіта такой. У розных форумах міжнародных такое рашэньне будзе прынятае. Таму што іншага выйсьця я ня бачу”.

Каардынатар па краінах СНД Міжнароднай лігі правоў чалавека Пітэр Залмаеў кажа, што паводле ягонай інфармацыі, большасьць беларусаў не падтрымлівае ідэю інкарпарацыі ў Расею. Аднак, на думку спадара Залмаева, у цяперашняй Беларусі магчымы рэфэрэндум ня будзе адлюстроўваць рэальную волю грамадзтва.

(Залмаеў: ) “Я думаю, што пры цяперашнім рэжыме ў Беларусі цяперашняя сыстэма проста ня здольная лічыцца з волевыяўленьнем народу”.

Спадар Дынглі кажа, што цяпер шмат будзе залежаць ад настрояў у беларускім грамадзтве і ад пазыцыі Аляксандра Лукашэнкі. Учора па вяртаньні ў Менск беларускі лідэр назваў непрымальным ператварэньне Беларусі ў сем суб’ектаў Расейскай Фэдэрацыі. Спадар Дынглі лічыць, што цяперашняя сытуацыя вымушае Аляксандра Лукашэнку зрабіцца беларускім незалежнікам, бо ён ня хоча ператварыцца зь лідэра дзяржавы ў губэрнатара Менскай вобласьці.

“Магчыма, што Лукашэнка сам станецца выдатным беларусам, нават нацыяналістам, таму што ў яго няма іншага выйсьця цяпер. Калі ён ня хоча стаць губэрнатарам расейскай губэрні, то што застанецца яму?” – сказаў адзін з ініцыятараў стварэньня групы ў сувязях зь Беларусьсю ў парлямэнце Вялікабрытаніі Джым Дынглі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG