Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ДАМАГАЕЦЦА АД РАСЕІ БЯСПЛАТНАЙ ЦУКРОВАЙ КВОТЫ


Міхал Стэльмак, Менск

З 1 ліпеня Масква ўвяла сэзонную пошліну на ўвоз у Расею белага цукру і трысьняговага цукру-сырцу. Гэтая 50%-я пошліна рэзка ўзьняла кошт цукровай прадукцыі на расейскім рынку для замежных гандляроў. Мытная навіна закранула і беларускіх таваравытворцаў. Вось што зазначыў на гэты конт нашаму радыё віцэ-прэм'ер Аляксандар Папкоў:

(Папкоў: ) “Мы, купляючы цукар-сырэц, натуральна, мусім купляць квоту ў Расеі на пастаўку гэтага цукру. Але яна каштуе значныя грошы. І калі мы купляем гэтую квоту, наш цукар робіцца неканкурэнтаздольным на расейскім рынку. Таму мы спрабавалі дамовіцца з расейскім урадам, каб у парадку выключэньня для Беларусі дазволілі пастаўку гэтага цукру”.

Аляксандар Лукашэнка ўчора пасьля вяртаньня з Масквы пацьвердзіў, што абмяркоўваў з Уладзімерам Пуціным цукровае пытаньне. Аднак, паводле сёньняшніх зьвестак намесьніка старшыні беларускага ўраду, для беларускіх цукравытворцаў гэта ня мела станоўчых вынікаў.

Вельмі ўважліва сочаць за перамовамі Масквы і Менску па цукровым пытаньні прадстаўнікі расейскага цукровага бізнэсу. У прыватнасьці, вось што зазначыў сёньня на гэты конт нашаму радыё кіраўнік аналітычнай службы “Міжнароднай цукровай кампаніі” з Расеі Дзяніс Сакалоў:

(Сакалоў: ) “Рэч у тым, што ў Расеі зараз уведзены рэжым кватаваньня імпарту сырцу, і беларускія цукравытворцы просяць даць ім квоту на ўвоз у Расею белага цукру, паколькі ў нас высокае мыта. Самой Беларусі трэба каля 400-500 тысяч тон цукру, і недахоп папаўняецца за кошт сырцу, што перапрацоўваецца ў Беларусі. І тут пазыцыя расейскага боку і Міністэрства сельскай гаспадаркі Расеі досыць жорсткая. Яны лічаць такі беларускі цукар імпартным. І пры яго імпарце зь Беларусі, пры завозе ў Расею пастаўшчык мусіць плаціць мыта”.

Між тым, паводле словаў спадара Сакалова, пакуль што Беларусь ня хоча выконваць гэтае правіла. Як вынік, афіцыйная Масква не зьбіраецца даваць Беларусі цукровую квоту. Гэткую пазыцыю, як зазначыў Дзяніс Сакалоў, цалкам ухваляюць і расейскія бізнэсоўцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG