Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЫТУАЦЫЯ З ПАВОДКАМІ Ў ЦЭНТРАЛЬНАЙ ЭЎРОПЕ ЗАСТАЕЦЦА СКЛАДАНАЯ


Вячаслаў Ракiцкi, Прага

Я лiтаральна гадзiну таму зрабiў шпацыр па Старым горадзе. Галоўным гукам гораду i сёньня, як i ў мiнулыя днi, ёсьць трывожнае выцьцё сырэнаў ратавальнага транспарту. Дайшоў толькi да Старамесцкай плошчы, далей у бок Влтавы праходы зачыненыя. Стары горад нiбы вымер. Палiцыя, адзiнкавыя турысты. Зачыненыя рэстараны, крамы. Цёмна – няма электрычнасьцi. Ля пад’ездаў дамоў – мяхi зь пяском. Працягваецца эвакуацыя людзей, адпампоўваецца вада з сутарэньняў. Паступова ўзровень вады ў Влтаве спадае, шматлiкiя гарадзкiя кварталы па-ранейшаму затопленыя. Але панiкi ў горадзе няма. Няма i марадзёрства, як паведамляе палiцыя. На тэлевізіі, якая працуе ў жывым рэжыме, папярэджваюць людзей, што пры вяртаньнi ў свае дамы, перадусiм трэба выкiнуць харчаваньне, сачыць за гiгiенай.

Мiж тым, цяпер паводка пагражае паўночным раёнам Чэхii. Ужо паступаюць паведамленьнi пра разьлiў ракi Лабы. А там знаходзяцца шматлiкiя прамысловыя прадпрыемствы, у тым лiку хiмiчныя. Найболей складаная сытуацыя ў горадзе Вусьцi-над-Лабай. Там утварылася вялiкае возера даўжынёй 25 км i шырынёй ад 3 да 9 км. Каля гораду Мельнiк – гэта 50 км ад Прагi – утварылася возера шырынёй 1,5 км, пры тым дакладна на тым самым месцы, дзе яно было ў ХІХ стагодзьдзi. Паводкi мяняюць аблiчча прыроды, што дазваляе адмыслоўцам гаварыць пра магчымасьць экалягiчнай катастрофы з сур’ёзнымi наступствамi. У горадзе Нератовiцэ, недалёка ад Прагi, моцна пашкоджаныя будынкi хiмiчнага заводу. Іртуць i дыяксiны, якiя, мiж iншым, захоўваюцца пад бэтоннымi саркафагамi, патрапiлi ў ваду. Адбываецца выкiд хлёру ў паветра. Адмыслоўцы назвалi сытуацыю хiмiчнай небясьпекай 3-й ступенi. Туды прыбыў мiнiстар навакольнага асяродзьдзя, за сытуацыяй у Нератовiцах сочаць актывiсты “Грынпiсу”.

Улюбёным месцам турыстаў з усяго сьвету, у тым лiку i зь Беларусi, ёсьць Праскi заапарк. Ён разьмешчаны ў раёне Троя, якi амаль цалкам затоплены. Уся Чэхiя сочыць лёсам зьвяроў. Рэпартажы на гэтую тэму не зьнiкаюць з экрана тэлевiзара. Зь нiжняй часткi заапарку зьвяроў эвакуавалi. Але без ахвяраў не абыйшлося. Адзiн са сланоў выявiў свой упарты характар i не паддаваўся эвакуацыi. Каб ён не пакутаваў, памiраючы пад вадой, яго змушаныя былi забiць. Гэтаксама, як i аднаго бэгемота, а таксама мядзьведзя. Сплылi цюленi. Праўда, iнстынкт дазволiў аднаму вярнуцца на звыклае месца, яшчэ аднаго злавiлi, а трэцi, магчыма, цяпер у Влтаве.

Прага – старажытны горад з унiкальнымi архiтэктурнымi забудовамi, якiя ня маюць кошту. Наколькi сур’ёзная пагроза навiсла над гiстарычнай, турыстычнай Прагай? Той, хто бываў у Празе, напэўна ж, запомнiў будынак Нацыянальнага Тэатру. Вада пранiкла ў яго сутарэньнi. Пад вадой апынуўся будынак Лiхтэнштэйнскага Палацу – цяпер рэзыдэнцыi ўраду Чэхii. Затоплены першы паверх Музэю Сьметаны. Рака Влтава амаль цалкам затапiла статую самога кампазытара Сьметаны, якi прысьвяцiў ёй, Влтаве, выдатную сымфанiчную паэму. Падтопленыя iншыя каштоўныя будынкi i манумэнты Старога гораду Прагi, а таксама ў такiх каштоўных зь гледзiшча архiтэктуры гарадох, як Чэскi Крумлаў цi Чэске Будэёвiцы. Сёньня прыйшло паведамленьне, што вада падбiраецца пад замак у Мельнiку.

Драматычныя падзеі адбываюцца і ў суседнiх з Чэхiяй краiнах. Асаблiва крытычная сытуацыя сёньня ў нямецкай зямлi Саксонiя. Там 6 чалавек загiнулi, каля 100 параненыя. У сталiцы Саксонii –Дрэздэне – працягваецца пад’ём вады ў Эльбе. Цэнтральныя раёны гораду затопленыя. Вада пранiкла i ў некаторыя памяшканьнi Дрэздэнскай карцiннай галерэi. Разбураныя дамы ў прадмесьцях Дрэздэну. З гораду Пiрна эвакуаваная большая частка жыхароў. Паляпшаецца сытуацыя ў Аўстрыi, аднак, узровень вады ў Дунаi па-ранейшаму высокi. Вялiкiя страты панес гiстарычны горад Зальцбург. Толькi на тэрмiновую дапамогу пацярпелым населеным пунктам у Аўстрыi патрабуецца 300 мiльёнаў эўра. Агульныя страты ў гэтай краiне папярэдне ацэньваюцца на 3 мiльярды эўра. У сталiцы Славаччыны Братыславе абвешчанае надзвычайнае становiшча. Узровень вады ў Дунаi дасягнуў рэкорднай адзнакi i працягвае расьцi.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG