Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЦЭНТРЫ МЕНСКУ НА СТАРАЖЫТНАЙ НЯМІЗЕ ПАЧАЛІСЯ АРХЕАЛЯГІЧНЫЯ РАСКОПКІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Тут на Нямізе паводле пляну мусяць пабудаваць паркінг для аўтамабіляў. У цэнтры Менску зьявіцца вялікі гараж. А калісьці тут была жылая забудова, узвышалася сынагога на вуліцы Школьнай. Цяпер на гэтым месцы пачаліся археалягічныя раскопкі, якія звычайна папярэднічаюць будоўлі ў гістарычным месцы. Мой суразмоўца гісторык Сяргей Тарасаў, які кіруе археалягічнымі работамі, выказвае сваё стаўленьне да будучай пабудовы:

(Тарасаў: ) "Асабіста я як аўтамабіліст лічу, што паркінгі павінныя быць. Бо ў нашым горадзе з кожным годам усё цяжэй недзе прыткнуцца. Адзінае, што вельмі пажадана, каб гэта адпавядала гістарычнаму асяродзьдзю гораду".

На думку гісторыка Сяргея Тарасава, рашэньне разьмесьціць паркінг на старажытнай Нямізе ўсё ж няўдалае, бо гэты будынак ня будзе пасаваць вобразу старога Менску. І ўсё ж Сяргей рады ўжо таму, што археолягам далі магчымасьць працаваць у гэтым месцы да таго, як тут выкапаюць катлаван экскаватары.

(Тарасаў: ) "Хто ведае, можа недзе тут тая самая бітва на Нямізе 1067 году і адбывалася. Матэрыялу вельмі шмат. Ёсьць і матэрыял ХІІ стагодзьдзя, але большасьць пазьнейшых часоў. Культурны слой, які захаваўся, прыблізна паўтара мэтра. А тое што зьверху зьнялі, гэта рэшткі таго раёну, які быў у нядаўні час зьнішчаны, яго літаральна закаталі пад асфальт", – казаў Сяргей Тарасаў з Інстытуту гісторыі Акадэміі навук.

Далей экскурсію па раскопках я раблю з дапамогай дацэнта гістарычнага факультэту пэдагагічнага ўнівэрсытэту Лявона Калядзінскага. Ягоныя студэнты, былыя і цяперашнія, удзельнічаюць у раскопках, а спадар Калядзінскі асабіста кантралюе іхныя дзеяньні. Праца патрабуе надзвычайнай пільнасьці. У першы ж дзень знайшлі шмат цікавых рэчаў, сярод якіх рэшткі келіха зь вельмі рэдкай пячаткай. А яшчэ важкай знаходкай стаў лаз у склеп, які дзіўным чынам захаваўся ўсяго на мэтровай глыбіні. Лявон Калядзінскі тлумачыць:

(Калядзінскі: ) "Гэта падпол, ці склеп. Тут стаяў дамок ХІХ стагодзьдзя, звычайны габрэйскі дамок. Як звычайна людзі рабілі склепы, каб хаваць харчы, бо маразілак жа не было. Будзем раскопваць, можа, гаспадар склепу і закапаў тут бутэльку з золатам".

Лявон Калядзінскі добра памятае, як была забудаваная тая Няміга, якую зруйнавалі ў 1970-я гады паводле загаду Пятра Машэрава. Гісторык лічыць, што ў гэтым месцы варта было б аднавіць хаця б кавалак былой гістарычнай забудовы, каб пакінуць нашчадкам бачную памяць аб некалькіх стагодзьдзях гісторыі Менску. Такі раён, лічыць дацэнт Калядзінскі, будзе ня толькі ўпрыгожаньнем гораду, але выканае і пэўную практычную функцыю.

(Калядзінскі: ) "Лічу, што паркінг тут непатрэбны. Я глыбока перакананы, што трэба было б тут правесьці раскопкі, адкапаць падмуркі й адбудаваць дамы ў стылі ХІХ стагодзьдзя. Каб аднавіць Нямігу, якой яна тады была. І гэтыя дамы магчыма было б эксплюатаваць, як той жа паркінг. Здаваць розным фірмам, канторам, рабіць кавярні, крамы і гэтак далей".

Спрэчкі вакол пабудовы на Нямізе паркінгу вядуцца ўжо больш як год, шмат вядомых у краіне людзей публічна выказваліся супраць узьвядзеньня гэтага аб'екту. Але гарадзкія ўлады не зьмянілі сваёй пазыцыі. Паводле некаторых крыніцаў, усё тлумачыцца велізарнымі прыбыткамі, якія плянуюць атрымаць ня толькі будучыя ўладальнікі паркінгу, але і гарадзкія чыноўнікі, якія ім спрыяюць. Калі іх пляны ня зьменяцца, будаўніцтва гаража ў гістарычным цэнтры Менску пачнецца ўжо ў наступным годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG