Сёньня са школы ў Гаўлях вывозілі апошняе абсталяваньне. Двухпавярховы цагляны будынак на вачах ператвараецца ў пустэльню. Дырэктар Міхаіл Пеўнеў перадаваў ужо бухгальтарцы аддзелу адукацыі Тамары Пятначэнка стэлажы і экспанаты былога школьнага музэю. Іх перавозілі за 9 кілямэтраў у Патапаўскую сярэднюю школу, куды з 1 верасьня зьбіраюцца вазіць на заняткі і дваццаць аднаго школьніка.
Бухгальтарка аддзелу адукацыі адмовілася даваць які-небудзь камэнтар пра фінансавыя прычыны закрыцьця школы, а дырэктар Міхаіл Пеўнеў распавёў наступнае:
(Пеўнеў: ) “З эканамічнага гледзішча мы, канечне, надта дарагія для дзяржавы. З пункту гледжаньня жыхара гэтай вёскі, я асабіста балюча пераношу закрыцьцё школы”.
З закрыцьцём школы рушыцца апошняя надзея на тое, што калі-небудзь гэта вёска адродзіцца, набудзе моц і сілу. Гэта ўжо як бы чарговая негалосная хваля падзелу вёсак на пэрспэктыўныя і беспэрспэктыўныя.
Нэгатыўна ставяцца да закрыцьця няпоўнай сярэдняй школы і большасьць бацькоў навучэнцаў.
Гутару з маці дваіх школьнікаў-пачаткоўцаў Натальляй Міхальцовай.
(Міхальцова: ) “Дрэнна, канечне, што школа зачыняецца. Пажадана, каб тут была школа. Гэта ж дзецям езьдзіць трэба, рана ўставаць. Хаця б пакінулі школу да 4-га кляса. Такі будынак прападзе. Навошта зрабілі такое. Я і сама хадзіла ў гэту школу да 4-га кляса, а тады ў Патапаўку пайшла”.
(Карэспандэнт: ) “Як вас падвозілі?”
(Міхальцова: ) “Іншым разам машына прыйдзе, а калі – не. Пяшком хадзілі 7 кілямэтраў. Скончыла школу ў 1992 годзе”.
(Карэспандэнт: ) “Мінула дзесяць гадоў, і нічога не зьмянілася?”
(Міхальцова: ) “Не зьмянілася! Нават горш стала”.
(Карэспандэнт: ) “А як, на вашую думку, павінна быць?”
(Міхальцова: ) “Можа, перасяленцаў якіх сюды прывезьці. Дзесьці паселішчы затапляе, хай бы людзі сюды прыяжджалі. Хатаў пустых у нас багата. Тады б і школа жыла. Клюб ужо зачынілі, моладзі няма дзе збірацца”.
Ёсьць у асобных бацькоў і іншыя меркаваньні. Распавядае спадарыня Калесьнік. Апрача дачкі, яна адпраўляе яшчэ ў верасьні ў нулявы кляс 6-гадовага сына Сашу.
(Калесьнік: ) “Я ня вельмі б хацела, каб мой хлопчык вучыўся ў клясе, дзе два чалавекі, дзе паралельна выкладаюць вучням іншага кляса. Каб у нас было болей дзяцей, была лепшай вёска, то мне нашмат было б лепей, што мае дзеці вучацца проста за агародам. Дзьве хвіліны – і дзіця ў школе. Гэта ж не на марозе стаяць і чакаць машыну”.
У Гаўлеўскай школе да гэтага часу працавалі 9 настаўнікаў. Трое зь іх, улучна з дырэктарам, ужо пэнсіянэры. Які ж лёс астатніх? Гаворыць Міхаіл Пеўнеў:
(Пеўнеў: ) “Маладыя настаўнікі жылі ў асноўным у спэцыяльна адведзеным крыле школы. Умовы былі някепскімі. А зараз – хто куды. Адна сям’я ад’яжджае ў Мазыр, астатнія – разьмеркаваныя ў школы нашага Буда-Кашалёўскага раёну”.
Сам Міхаіл Пеўнеў 1 верасня сыходзіць на пэнсію.
Што да сям’і настаўнікаў Юрыя Яроменкі і Алесі Бобр, якія зьбіраліся ў Мазырскі раён, то, наколькі ўдалося даведацца, працаўладкаваньне іх там усё яшчэ знаходзіцца пад пытаньнем.