Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД НЕ ЗАДАВОЛІЎ ПАЗОЎ ЛЯВОНА ВАЛУЯ ПРА АБАРОНУ ГОНАРУ Й ГОДНАСЬЦІ


Севярын Квяткоўскі, Менск

Лявон Валуй вінаваціць начальніка лагойскага пашпартнага стала Аляксандра Рымшу ў адмове прымаць анкету для дазволу на выезд за мяжу, напісаную па-беларуску. Спадар Лявон сьцьвярджае, што міліцыянт прымушаў яго запаўняць анкету па-расейску. Пацярпелы ацаніў свае маральныя страты ў эквіваленце аднаго мільёну даляраў.

Адразу пасьля таго, як судзьдзя Людміла Матвеенкава зачытала вэрдыкт пра адмову задаволіць пазоў, спадар Валуй даў камэнтар для Радыё Свабода:

(Валуй: ) “Рымша сапраўды сказаў: “Альбо ты пішаш заяву на расейскай мове, альбо пакінь кабінэт, не замінай мне працаваць”. Вось усё, што было. Сёньняшні суд знайшоў матывацыю, каб адмовіць у маім пазове”.

А вось Аляксандар Рымша адмовіўся ад камэнтароў для Радыё Свабода.

Прадстаўнік Лявона Валуя ў судзе Ўладзімер Лабковіч мяркуе, што шанцы выйграць працэс былі б большыя, калі б пазоў датычыў толькі канкрэтнае пэрсоны, у дадзеным выпадку — міліцыянта Рымшы. Але паколькі сярод зьвінавачаных фігуруе дзяржава, шанцы былі блізкія да нуля, мяркуе Ўладзімер Лабковіч:

(Лабковіч: ) “Гэты працэс безумоўна цалкам палітычны. Я ня думаю, што ў Беларусі, пры залежнасьці ўсіх судоў, мажліва дамагчыся выраку для ўсёй сыстэмы, якая забясьпечвае і русіфікацыю гэтай краіны, і зьнішчэньне ўсяго нацыянальнага, усяго беларускага. Таму я думаю, на жаль, дадзены працэс носіць больш інфармацыйны характар”.

Спадар Лабковіч мяркуе, што судовая справа мела плён, нягледзячы на адмоўнае рашэньне суду.

(Лабковіч: ) “Я мяркую, што цяпер, нават пасьля такога рашэньня суду супрацоўнікі міліцыі, той жа спадар Рымша, будуць больш ашчадна ставіцца да беларускай мовы. Больш ён сабе ніколі не дазволіць, я на гэта спадзяюся, парушэньня заканадаўства, таму што ён будзе баяцца зноўку судовага працэсу, зноўку рэзанансу ў мэдыях”.

Фэрмэр Валуй зьбіраецца абскардзіць рашэньне судзьдзі Матвеенкавай.

(Валуй: ) “Я буду абскарджваць, не з матывацыі таго, што я хачу атрымаць гэты мільён даляраў, а дзеля элемэнтарнай павагі да тых беларусаў, якія засталіся з разуменьнем самапавагі”.

Цягам дзесяці дзён спадар Лявон атрымае тлумачэньне, на якіх падставах яму адмоўлена ў ягоным пазове пра абарону гонару й годнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG