Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ ІНТЭЛЕКТУАЛІЗМ МУСІЦЬ СТАНАВІЦЦА МОДНЫМ


Сяргей Харэўскі, Вільня

Нехта гэтымі днямі толькі выпраўляецца ў летні адпачынак, а ў Беларусі ўжо скончылася жніво. Выходзячы на золку з хаты можна гэтымі днямі востра й шчымліва адчуць пахі зямлі, зь якое зрэзалі плод. Ужо голыя палі чакаюць новага ворыва, а над галавою кружляюць буслы, засумаваўшы па афрыканскіх разлогах. Жніво скончылася рана. І трывожна-элегічнае прадчуваньне восені ўжо лунае ў паветры. Гэтымі вось днямі пабачыў сьвет новы мастацкі часопіс “Зямля N”.

ЗЯМЛЯ – магутная мэтафара беларушчыны. Шматкроць апетая й вымаляваная, яна прыносіць за сабою цэлую плойму ўспамінаў і асацыяцыяў. Адно згадаць клясычныя карціны Рушчыца ці Сеўрука. Альбо палотны Савіцкага й Залознага з аднолькавымі назвамі – “У полі”... У нашым мастацтве гэта спрадвечная тэма працы на зямлі. А вось тэма першага нумару новага часопіса “Зямля N”– эміграцыя. То бок, адарванасьць ад сваёй зямлі. Сярод аўтараў гэтага часопіса, што можна пабачыць пакуль хіба на кухнях і на рабочых сталах – Юрась Барысевіч, Ігар Кашкурэвіч, Піліп Бласбан, Нэля Бекус-Ганчарова, Дзьмітры Крывашэй, Тамара Вяршыцкая, Алена Макоўская ды іншыя. Камэртон зададзены афарызмам ЛьваТроцкага: “Эміграцыя – гэта сьмерць”. Пра новае выданьне гавораць Севярын Квяткоўскі й Артур Клінаў...

(Севярын Квяткоўскі: ) “Модны” часопіс – першая асацыяцыя, калі бярэш у рукі “Зямлю N”.

Пяць поўнакаляровых разгаротаў новага выданьня аддадзеныя пад адмысловы “транс-авангард праект” мастака Ігара Кашкурэвіча пад назвай “Памылкоўны цуг”. Ігар Кашкурэвіч даўна жыве ў Нямеччыне. Уласна, першы нумар “Зямлі N” прысьвечаны эміграцыі. Сярод тэкстаў – успаміны колішняга байца БКА Паўла Навары, апошняй уладальніцы маёнтку ў Шчорсах Вольгі Храптовіч-Буцянёвай і паэта Сяргея Верацілы. “Адкрыцьцё” перакладчыкам Сяргеем Мінскевічам эмігранта Адама Міцкевіча, эксклюзіўныя архіўныя ды мастацкія фота, рэпрадукцыі працаў мастакоў Сяргея Ждановіча й Артура Клінава.

На першы погляд можа падацца на аб’яднаны тэматычна тэкставы вэнігрэт, кшталту, “аб усім патроху”. Але стрыжань новага выданьня палягае ў тым, што “Зямля N” – візуальны часопіс. Азначэньне належыць мастаку Артуру Клінаву. Менавіта пад уплывам Клінава з традыцыйнага гісторыка-культуралягічнага часопісу пад назвай “Зямля Наваградзкая” паўстаў новы “модны” праект “Зямля N”.

Артур Клінаў – стваральнік часопісу “ПARTызан”, першага ў Беларусі, які можна акрэсьліць як візуальнае інтэлектуальнае выданьне. І вось цяпер – удзел Клінава ў праекце “Зямлі N”.

(Артур Клінаў: ) “Да “Партызану” ў Беларусі не існавала візуальных інтэлектуальных часопісаў. “Партызан” зрабіў першы крок, задаў новую плянку. Мы жывем у эпоху візуальнае інфармацыі. За падобнымі выданьнямі будучыня, бо візуальная інфармацыя значна павялічвае кола, калі не чытачоў, дык спажыўцоў. Я прызнаюся шчыра, што большасьць рэчаў я праглядаю, а не чытаю. Калі беларуская культура хоча дайсьці да спажыўца, беларуская культура мусіць пашыраць кола спажыўцоў праз візуальную інфармацыю, новыя тэхналёгіі, праз “модныя” часопісы. Беларускі інтэлектуалізм мусіць станавіцца модным”.

(Севярын Квяткоўскі: ) “У адрозьненьне ад вузкапрафэсійнага мастацкага й мастацтвазнаўчага “Партызану”, “Зямля N” можна акрэсьліць як “папсовае” выданьне. “Папсовае” ў тым сэнсе, што яно разьлічанае на больш шырокае кола людзей”.

(Артур Клінаў: ) “Праблема пашырэньня беларускае культуры, гэта акурат актуалізацыя праз такія праекы: праз моначасопісы, праз культавыя часопісы. У гэтым сэнсе праект цікавы – часопіс “Зямля N”. Можна было б дадаць, што канцэпцыя яшчэ фармуецца. “Партызан” мае больш акрэсьленую задачу. Тут (у “Зямлі N”) пакуль канцэпцыя яшчэ нараджаецца. Я думаю, што другі нумар будзе больш крышталізаваны ў гэтым сэнсе”.

(Сяргей Харэўскі: ) “Новы часопіс зьявіўся 20 ліпеня. Адзін з наступных нумароў “Зямлі N” будзе прысьвечаны беларускім мастакам габрэям. Таму большая ступень выверанасьці, ці, прынамсі, герархічнасьці твораў і творцаў, можа быць забясьпечанай. У першым жа нумары гэтага й, насамрэч, як прызнаецца сам спадар Клінаў, няма. Вось тут табе, у “Зямлі N”, рэпрадукцыі нацыстоўскіх плякатаў з часоў апошняе вайны, чамусьці тыя ж самыя, што і ў новым часопісе “Спадчына”, а тут – выдатныя фатаздымкі, на якіх Юрась Барысевіч паўстае пэрсанажам з часоў калянізацыі Дзікага Захаду. Барысевіч – каўбой... Індзейскі правадыр… таксама Барысевіч. “Модны” беларускі інтэлектуалізм выглядае ў новым часопісе гульнёю стомленых ад летняе сьпёкі жыхароў Менску сярэдняга веку. Тым ня менш, новае выданьне прэтэндуе на заваёву рынку, паводле ягоных суворых законаў...”

(Севярын Квяткоўскі: ) “Панятак “моднага” пэрыёдыка разумее раскрутку ў больш-менш шырокіх колах спажыўцоў. У Беларусі практычна няма рэгулярных стыльёвых часопісаў, за выключэньнем хіба якіх “Монолога” ці “Дызайну”. Пытаньне да Арура Клінава: ці праблема ў неразьвітасьці рынкавых адносінаў ці ў таямніцах беларускае мэнтальнасьці?”

(Артур Клінаў: ) “Я зараз акурат займаюся падрыхтоўкай другога нумару “Партызану”, і раздумваю на гэтую тэму – як зрабіць “Партызан”, ці мог бы гэты часопіс утрымліваць сябе з продажу, з рэклямы, ці мог бы ён быць запатрабаваным на рынку, каб існаваць аўтаномна? Тэарытычна я бачу, што гэта можа быць. Пытаньне эканамічнае”.

(Севярын Квяткоўскі: ) “Хто можа даць рэкляму ў стылёвы беларускі візуальна-інтэлектуальны часопіс?” Побач з азначэньнем “модны” Артур Клінаў ужывае панятак “культавага” часопісу”:

(Артур Клінаў: ) “Кола рэклямадаўцаў можа быць большым за тых, хто непасрэдна зьвязаны з арт-працэсам. Бо спэцыфіка культавага часопісу – у культавы часопіс у прынцыпе могуць даваць тыя брэнды, якія хочуць існаваць на гэтым рынку ў доўгатэрміновае пэрспэктыве. Не абавязкова галерэі. Піўзаводы, груба кажучы, віно “Амбасадор”, той жа “Вэлком”, тым больш, што кола чытачоў – гэта й іхныя кліенты. У прынцыпе тут можа быць дыяпазон дастаткова вялікі”.

(Сяргей Харэўскі: ) “У кожным жарце ёсьць доля жарту. Абраўшы сабе за першую тэму першага нумару эміграцыю, стваральнікі “Зямлі N” туды й патрапілі. Слухаючы рапарты пра дачасны збор рэкорднага ў Беларусі ўраджаю, альбо пажаданьні кіраўніка дзяржавы бачыць беларускія палеткі прыгожымі, альбо проста ідучы па залатых асьцюках пожні, цяжка атаясаміць з усім гэтым назоў часопіса...

Калі эміграцыя – гэта сьмерць, то для кагосьці вяртаньне з эміграцыі дахаты таксама сьмерць... Лепей ужо ўяўляць сябе піянэрам-гэроем Дзікага Захаду, жыхаром краіны ці зямлі “N”, у анемічным сьвятле рэтра, чым нудзіцца ў аптымістычных колерах ды пахах зямлі рэальнае...

Таямніца беларускае мэнтальнасьці палягае недзе там, дзе панятак “моды” ці яе адсутнасьці не йснуе. Моду ў Беларусі задаюць, прынамсі, не мастакоўскія часопісы, ці іншыя пэрыёдыкі. Ад часоў “Нашае Долі” прэса была апірышчам самасьці, пэрсанальнага выбару. Бадай гэткі ж лёс наканаваны й новаму, прыгожаму й добра выдадзенаму часопісу. “Зямля N” – выданьне для тых, хто баіцца быць сьмяротным. Для тых, хто ня страціў ілюзіі пра заваёву рынку мастацтва ў краіне, дзе ёсьць мастацтва й літаратура, музэі й заводы, вялікія ўраджаі й чыстае паветра, дзе ёсьць амаль усё, апроч таго самага рынку... Ёсьць таксама й казытлівы сьвежы пах друкарскае фарбы, што дамяшаўся ў пахі жнівеньскіх палёў. Усё гэтым летам раней свайго часу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG