Фэрмер Лявон Валуй вінаваціць службоўца Аляксандра Рымшу за абразу гонару й годнасьці, парушэньне закону "Аб мовах", і патрабуе маральнае кампэнсацыі, эквівалентнай аднаму мільёну даляраў. Лявон Валуй абураны тым, што Аляксандар Рымша адмовіўся прыняць анкету для дазволу на выезд за мяжу, напісаную па-беларуску. Спадар Валуй сьведчыць, што адмова была катэгарычная й прамоўленая ў зьняважлівай форме. Такім чынам, каб тэрмінова атрымаць дазвол, Лявон Валуй быў вымушаны пісаць другі асобнік па-расейску. Сам афіцэр лагойскай міліцыі Аляксандар Рымша катэгарычна абвяргае факт адмовы й абразы.
Складанасьць справы палягае ў тым, што у першым беларускамоўным варыянце дакумэнту Валуем былі зробленыя тэхнічныя памылкі. Прадстаўнікі Аляксандра Рымшы зь міністэрства фінансаў настойваюць на тым факце, што Валую ніхто не замінаў запоўніць другую анкету па-беларуску. На думку прдстаўніка спадара Валуя ў судзе Ўладзімера Лабковіча, той факт, што Лявон напісаў другую анкету па-расейску ўскосна сьведчыць пра прымус з боку Аляксандра Рымшы. Але паколькі Рымша й Валуй ў часе спрэчкі былі сам-насам, давесьці ці абвергнуць іхныя сьведчаньні няма каму.
Тым ня менш, у паседжаньні 12 жніўня накрэсьлілася тэндэнцыя, якая можа стаць прэцэдэнтам. Апанэнты Лявона Валуя настойваюць на тым, што у канчатковай вэрсіі спрэчнае анкеты ўжытае адно слова па-беларуску, а менавіта слова "гаспадарка" ў графе "месца працы". У часе судовага паседжаньня судзьдзя Матвеенкава таксама дапусьціла, што падобны дакумэнт можна лічыць дзьвюхмоўным. На меркаваньне прадстаўнікоў міністэрства фінансаў падобная "дзьвюхмоўнасьць" сьведчыць пра ляяльнасьць і законапаслухмянасьць спадара Рымшы.
Мы запыталіся ў судзьдзі Людмілы Матвеенкавай, ці прынцыпова магчыма запаўняць афіцыйныя дакумэнты адначасова на дзьвюх мовах: слова адной, слова другой мовай? Судзьдзя адказала, што беларускае заканадаўства не забараняе падобнае практыкі. У выпадку, калі, так бы мовіць, "дзьвюхмоўная" анкета будзе прызнаная за дзейсную, утворыцца прэцэдэнт судовага прызнаньня "трасянкі" як трэцяе дзяржаўнае мовы Рэспублікі Беларусь.