Катастрафічнае скарачэньне колькасьці першаклясьнікаў і гэткі ж недахоп грошай на разьвіцьцё сярэдняй школы ў Міністэрстве адукацыі называюць асноўнымі прычынамі, зь якіх была распрацаваная дзяржпраграма аб укамплектаваньні пачатковых і сярэдніх школаў. Так, сёлета ў першы кляс пойдуць на 52 тысячы дзяцей менш, чым у мінулым годзе, а ў наступным школьнікаў чакаецца яшчэ менш. Усяго ж за тры гады ў Беларусі будуць скарочаныя 231 пачатковая й сярэдняя школа – усе беларускія. Гаворыць інспэктар галоўнага ўпраўленьня сярэдняй адукацыі Аляксандар Улога:
(Улога: ) "У раённых цэнтрах такога не бывае – у асноўным гэта вясковыя школы. Вясковыя школы ў нас зь беларускай мовай навучаньня. А калі ў вёсцы зачыняецца пачатковая школа, то моладзі там не застаецца".
Акрамя таго, за тры апошнія гады ў Беларусі былі пераведзеныя на расейскую мову навучаньня 101 беларуская школа. Так што сёньня па-беларуску навучаюцца толькі 27% ад агульнай колькасьці школьнікаў. Усё гэта адбываецца на тле дзяржаўнай праграмы аб пашырэньні сфэры выкарыстаньня беларускай мовы, распрацаванай Міністэрствам адукацыі ў мінулым годзе. Паводле гэтага дакумэнту, у кожным раёне гарадзкой і сельскай мясцовасьці павінны быць ня менш як адзін беларускі садок і школа. Аднак праграмы застаюцца на паперы, затое рэальным ёсьць наступ на беларускую сыстэму адукацыі – гаворыць старшыня грамадзкага аб’яднаньня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка:
(Лозка: ) "Калі б на самай справе праграма дадатковых мер па пашырэньні роднай мовы ў сыстэме адукацыі была выкананая, то гэта быў бы вялікі крок наперад. Але адчуваецца супраціў, ня ўсё робіцца як трэба. І безумоўна, працэс скарачэньня беларускай школы, ён ёсьць вельмі дрэнным для беларускай нацыі".
Скарачэньне вясковых школаў стварае таксама й праблему працаўладкаваньня для настаўнікаў, асабліва вострую ў сельскай мясцовасьці. Гаворыць кіраўнік рады дырэктароў беларускіх школаў Алесь Сядзяка:
(Сядзяка: ) "Шмат настаўнікаў застануцца без працы – гэта вельмі балючае пытаньне. Маладых настаўнікаў з пэдвучэльняў выпускаецца шмат, а працы няма. І проста абвал тэлефанаваньняў – ці ёсьць у вас вакансіі. Па ўсёй краіне такая сытуацыя".
Яшчэ адной праблемай, зьвязанай з узбуйненьнем вясковых школаў, становіцца неабходнасьць падвозкі школьнікаў з аддаленых сядзібаў. Але яна цалкам ляжа на плечы сельсававетаў і мясцовых гаспадарак. А пры сёньняшняй беднасьці калгасу – на плечы бацькоў.