Учора прэм'ер-міністар Ізраілю Арыель Шарон абмеркаваў зь міністрам замежных справаў Шымонам Пэрэсам пляны закрыцьця шэрагу ізраільскіх дыпляматычных прадстаўніцтваў. Урад Ізраілю вырашыў адмовіцца ад 20 прадстаўніцтваў за мяжой дзеля эканоміі бюджэтных сродкаў. На сёньня прынятае афіцыйнае рашэньне закрыць восем такіх установаў. У гэты шэраг трапіла і амбасада Ізраілю ў Беларусі.
Гаворыць супрацоўнік прэсавай службы МЗС Ізраілю Міхаіл Бродзкі:
(Бродзкі: ) "Афіцыйнае рашэньне прынятае, але Шарон на ўчорашняй сустрэчы папрасіў яшчэ раз узважыць пытаньне аб закрыцьці трох прадстаўніцтваў — у Менску, у Манрэалі ў Канадзе і яшчэ аднаго прадстаўніцтва ў Амэрыцы — бо ў гэтых трох месцах даволі значнае габрэйскае насельніцтва, і апошнім часам было атрымана нямала просьбаў захаваць там ізраільскія прадстаўніцтвы".
Спадар Бродзкі кажа, што ўчорашняя сустрэча ізраільскага прэм'ера зь міністрам замежных справаў адбылася шмат у чым дзякуючы лабіраваньню з боку розных групаў, у тым ліку выхадцаў зь Беларусі ў Ізраілі. Некалькі дзён таму яны правялі дэманстрацыю каля будынку міністэрства замежных справаў, заклікаючы захаваць ізраільскую амбасаду ў Менску. Тым ня менш, паводле спадара Бродзкага, рашэньне аб закрыцьці амбасады пакуль застаецца ў сіле. Ён, аднак, ня змог назваць тэрмінаў, калі плянуецца гэта зрабіць.
(Бродзкі: ) "На сёньня прынятае рашэньне амбасаду скасаваць. Гэты працэс займае нейкі час — арганізацыйныя пытаньні і гэтак далей. Пасьля ўчорашняй сустрэчы магчыма, што міністар зноўку вернецца да гэтага рашэньня. Я не магу сказаць, будзе яно перагледжанае ці не, на сёньня дзейнічае рашэньне аб спыненьні дзейнасьці пасольства ў Менску".
Спадар Бродзкі кажа, што цяпер абмяркоўваецца магчымасьць захаваць некаторыя дыпляматычныя прадстаўніцтвы Ізраілю ў сьвеце за кошт фінансаваньня з боку тамтэйшых габрэйскіх суполак. Да прыкладу, такое фінансаваньне магчымае дзеля ізраільскага консульства ў Манрэалі, дзе жыве даволі значная габрэйская грамада. Аднак у дачыненьні да амбасады ў Беларусі такі варыянт не разглядаецца.