Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АСЬВЕЯ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Наступным годам Асьвея – самае паўночнае мястэчка ў Беларусі – адзначае свае 500-я ўгодкі. За даўнім часам Асьвея ляжала на бітых шляхах паміж Усходам і Захадам, тут квітнела рамесьніцтва і рыбная лоўля, віраваў гандаль, ладзіліся кірмашы, але на пачатку мінулага стагодзьдзя паселішча стала занепадаць, а Другая ўсясьветная вайна зь яе партызаншчынай і людзкімі ахвярамі, так спустошылі край, што па вайне Асьвейшчына так і не ачуняла.

Дамо слова былому галоўнаму бухгальтару самага вялікага тутэйшага прадпрыемства – Асьвейскага торфабрыкетнага заводу – Галіне Францаўне Юнцэвіч. Чаму «былому», слухачы даведаюцца зь ейнага аповеду.

(Юнцэвіч: ) «Калісьці ў Асьвеі кіпела жыцьцё. Была нейкая прамысловасьць: быў маслазавод, была пякарня, рыбзавод, будучастак. І пабудавалі торфабрыкетны завод: у семдзесят другім годзе. І вось з той пары ён 28 гадоў працаваў, даваў брыкет. Цяпер завод зачынілі, і людзі засталіся бяз працы. Разабралі абсталяваньне на іншыя заводы, каляровыя мэталы расьцягнулі, распрадалі, і ў нас цяпер цішыня. Працаваць людзям няма дзе – засталося толькі некалькі бюджэтных арганізацыяў – інтэрнат, бальніца. А астатнія ўладкоўвайцеся, як хочаце».

Сёньня ў Асьвеі людзям няма дзе працаваць. Дый працаздольных жыхароў засталося дзьве-тры сотні чалавек. Моладзь масава пакідае родны кут – едзе ў Полацак, Дрысу, расейскі Себеж, і за трыццаць апошніх гадоў насельніцтва тут зьменшылася амаль удвая. Аснову тутэйшага жыхарства сёньня складаюць пэнсіянэры. Зінаіду Аляксандраўну Ўжакла, якой кагадзе споўнілася 79 гадоў, мы сустрэлі на ейным гародчыку – жанчына завіхалася на гурочных ляхах.

(Ужакла: ) «Я карэнная жыхарка Асьвеі – і мае дзяды і прадзеды жылі ў Асьвеі. Нас тут, карэнных жыхароў, засталося мала, бо многія адсюль зьехалі, а ў вайну шмат каго забілі. Калі ў Беларусі загінуў кожны чацьверты, дык у нас, лічы, кожны другі. Так здарылася і з маімі роднымі. Маю маці – ёй тады 46 гадоў было – і дванаццацігадовую сястрычку немцы спалілі жыўцом. Я сама вязень лягеру Саласпілс: зьведала гора. Вярнулася зноў сюды, зараз я пэнсіянэрка, хутка будзе 80. Жыву адна. Вядома, як кажуць, не салодка, але працавала я ўсё жыцьцё – у мяне толькі пэдстаж 49 гадоў. Агарод маю, працую – і раніцай, і вечарам. Днём толькі не магу – сэрца не дазваляе».

Яшчэ адзін асьвейскі старажыл – Міхал Людвігавіч Букевіч, у адказ на пытаньне: як жывецца сёньня пэнсіянэрам? – быў дарэшты ляпідарным.

(Букевіч: ) «Пэнсіянэры ў нас не жывуць, а існуюць. Амаль ніякай дапамогі ім няма. Цяпер у мяне нават кот уцёк, за тое, што няма малака».

Блукаючы па галоўнай вуліцы мястэчка, якое носіць імя Прафінтэрну, я рупіўся пагаманіць за жыцьцё з маладымі асьвейцамі, але, калі зьвяртаўся да іх з адпаведным пытаньнем, чуў у адказ: «Мы не местные». Нарэшце, мне пашанцавала. Я сустрэў прыгажуню-Наташу.

(Наташа: ) «Основная проблема молодёжи – это пьянство и безработица. У нас в Доме культуры каждую субботу проводятся дискотеки, и трезвыми туда практически никто не приходит: могут сделать пару шагов – и то с помощью стены. И молодых людей до 16 лет там редко увидишь. Ходят те, кому по 10-12 лет. В моём возрасте – а мне сейчас 19 лет – там делать нечего».

Дваццаціпяцігадовы Сяргей Коўзель, які назваўся вернікам Эвангельскай царквы, прапанаваў уласную канцэпцыю супрацьдзеяньня духоваму крызысу.

(Коўзель: ) «Маладзёвыя праблемы, якія існуюць у нашым пасёлку, яны амаль такія ж, як і паўсюль. Тут і падлеткавая злачыннасьць, і злачыннасьць сярод моладзі, і беспрацоўе. Усё гэта спрыяе духоваму распаду, духоваму крызысу. Якія шляхі вырашэньня гэтай праблемы? Па-першае, моладзь павінна адчуць сябе некаму патрэбнай. Бо яна пазбаўленая ўвагі з боку грамадзтва, дзяржавы і школы. Моладзь павінна адчуць сябе патрэбнай, і калі яна будзе набліжацца да царквы, пазытыўныя зьмены абавязкова будуць».

Я ехаў у Асьвею зь перакананьнем, што тут, у краі глухім і занядбаным, цяжка будзе сустрэць адраджэнцаў. Аднак, я памыляўся. Такія людзі ў Асьвеі ёсьць. Ёсьць тут і суполка Беларускага народнага фронту, якой кіруе няўрымсьлівы праўдашукальнік Пятро Ермачкоў. Гэта той самы Ерммачкоў, які ў траўні 98-га трымаў васьмідзённую галадоўку. І галадаваў ён не з прычыны ўласных праблемаў, а таму што 60 дзяцей-сірот з Асьвейскай школы-інтэрнату былі кінутыя на волю лёсу, ня маючы нават прыстойнай вопраткі. Дзеіць у Асьвеі і афіцыйна зарэгістраваны Вольны прафсаюз настаўнікаў. Мінулым часам ён налічваў 25 чальцоў – цяпер засталося толькі 5. Як сказалі мне самі настаўнікі, многія сышлі з прафсаюзу, ня бачачы ў ім рэальнай сілы. І наагул, па сьведчаньні спадара Ермачкова, асьвейскія адраджэнцы і да сёньня не ачомаліся ад леташняй выбарчай паразы.

(Ермачкоў: ) «Калі казаць пра палітыку, дык нельга не згадаць пра мінулыя выбары. Нашым фронтаўскіх абавязкам было ўзяць удзел у назіраньні. Большасьць нашых жыхароў – пэнсіянэры. Можна сказаць, што гэтая частка нашага насельніцтва стройнымі шэрагамі рушыла галасаваць за Лукашэнку».

Мы яшчэ не загадалі пра возера, на паўднёвым беразе якога прытулілася Асьвея. Па плошчы яно другое ў Беларусі і саступае толькі Нарачы. Аднак, у адрозьненьне ад Нарачы, паволі зарастае. Зрэшты, калісьці асьвейская вада была такой жа празрыстай, як і нарачанская. Але ў 1927 годзе ў бальшавіцкіх галовах нарадзіўся сьмелы плян – спусьціць ваду з возера, а на асушанай, прыпраўленай сапрапэлем глебе стварыць плянтацыю кок-сагызу. На азёрны бераг сагналі навакольны люд, загадалі капаць водаадводны канал, але, калі ён быў пракапаны, вада не сышла з возера, адно панізіўся яе ўзровень, і ўздоўж берагу зашумелі чараты ды асока. Адметнае возера яшчэ і тым, што пасярод яго раскінуўся самы вялікі на беларускіх вадаёмах востраў плошчаю 5 квадратных кілямэтраў. Свойчас на востраве жылі людзі, і з адной астраўлянкай – Дзінай Сямёнаўнай Зінкевіч – мне давялося сустрэцца.

(Зінкевіч: ) «Да вайны на востраве была вялікая вёска – двароў 70. Быў асобны калгас, і ў асноўным займаліся рыбнай лоўляй. Мой дзед, Паладзій Мікалаевіч Аржанік, быў за брыгадзіра. Перад вайной яго арыштавалі, зьвезьлі ў Полацак і там расстралялі. У вайну саму вёску спалілі. Людзі, якія засталіся жывыя, вярнуліся на папялішча, сталі абжывацца, будавалі хаты. Усё было добра, новы саўгас паўстаў – «Асьвейскі». Потым стала вёска радзець, і людзі пачалі пераяжджаць у пасёлак Асьвея. Дзесьці пасьля 1975 году там ужо ня стала людзей. Цяпер гэты востраў стаіць у запусьценьні, і рэдкі чалавек туды езьдзіць».

Сёньня ў Асьвею едуць адно рыбакі-браканьеры, і, як паведамілі мне асьвейцы, днямі на азёрным беразе былі знойдзены 12 адсечаных лебядзіных галоў. Аднак у пэрспэктыве мястэчка мусіць ператворыцца ў турыстычны цэнтар. І паедуць сюды ня толькі рыбакі, але й проста аматары прыроды, каб наведаць той жа востраў, пакарміць з рукі белых лебядзяў ды прайсьціся па тутэйшым парку, які лічыцца адным з самых прыгожых на Віцебшчыне. Пра тутэйшы парк распавядае краязнаўца Тацяна Станіславаўна Пляхневіч.

(Пляхневіч: ) «Посёлок наш небольшой, но очень интересный и красивый. Известен он прежде всего своим дворцово-парковым ансамблем, заложенным где-то двести лет тому назад»

Парк захаваў прыгажосьць і ў наш час. У цэнтры парку – вялікі палац.

(Пляхневіч: ) «Он был построен в классических формах и имел оригинальную планировку, увязанную с календарными делениями: то есть входных ворот было четыре, в соответствии с временами года, внутренних входов двенадцать. Разрушен дворец был руками местных жителей, потому что к началу века он стал просто бесхозным».

Мне, вядома, карцела сустрэцца са старшынём пасялковага Савету, пачуць ягоную думку пра дзень сёньняшні і дзень заўтрашні, але зрабіць гэта не ўдалося. Затое ўдалося перакінуцца словам з Казімерам Антонавічам Ёдчыкам, які ачольваў Савет за часамі гарбачоўскай Перабудовы.

(Ёдчык: ) «Лепшым выйсьцем зь сёньняшняга становішча, на мой погляд, было б разьвіцьцё на Асьвейшчыне турыстычнага бізнэсу. Дзеля ажыцьцяўленьня такіх плянаў патрэбныя вялікія капіталаўкладаньні. На жаль, эканамічная сытуацыя ў краіне не дазваляе ажыцьцявіць гэтыя пляны. Будем спадзявацца, што сытуацыя зьменіцца, і на нашу Асьвейшчыну прыйдуць неабходныя інвэстыцыі».

Ідучы на полацкі аўтобус, я завітаў у асьвейскі парк, які шапацеў старымі ліпамі і скаланаўся ад птушынага пошчаку. Калюмны разбуранага палацу прывідна бялелі на тле паркавага зяленіва, штучныя каналы і сажалкі былі спрэс пакрытыя цінай, і толькі возера, як і дзьвесьце гадоў таму, ціха плёскалася, люляла на хвалях лебядзіны пух, сіняй смугою засьціла супрацьлеглы бераг. І міжволі згадаўся Іва Андрыч, ягоныя словы пра тое, што ўсе нашыя высілкі, думкі, погляды, усьмешкі, словы і ўздыхі – усё скіраванае да іншага берага як да адзінай мэты. Бо там жыве нашая надзея.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG