Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭПАРТАМЭНТ АХОВЫ СПАДЧЫНЫ Й РЭСТАЎРАЦЫІ ПРАПАНУЕ СПЫНІЦЬ ПРАЦУ Ў АХОЎНАЙ ЗОНЕ КУРАПАЦКАГА МЭМАРЫЯЛУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

10 жніўня ў Курапатах праходзіла традыцыйная штосыботняя талака, арганізаваная актывістамі КХП БНФ. Каля дзесяці чалавек прыбіралі сьмецьце, выразалі сухі хмызьняк, а таксама рыхтавалі месцы, дзе будуць усталяваныя крыжы новай курапацкай алеі.

Будаўнічыя работы на курапацкім участку кальцавой аўтадарогі амаль скончаныя. Але будаўнікі яшчэ хочуць пракласьці ў бок мэмарыялу трубу вадасьцёку ды зрабіць дадатковую дарогу – ад кальцавой, уздоўж Курапатаў, да праваслаўнай капліцы. Абаронцы Курапатаў актыўна пратэстуюць супраць гэтых плянаў.

Гаворыць сакратар управы КХП БНФ Уладзімер Юхо:

(Юхо: ) “Пачалі ў ахоўнай зоне Курапатаў весьці дарожку, зьнялі верхні слой зямлі, падрэзалі карані – гэта, па сутнасьці, зьнішчэньне ахоўнай зоны Курапатаў да капліцы. І вельмі хвалюе нас тое, што застаюцца каналізацыйныя трубы, якія ляжаць перад Крыжом Пакутнікаў Беларусі. Хвалюе, што будаўнікі не адмовіліся ад зьнішчальнай працы на гэтай плошчы перад Крыжом”.

Каб не дапусьціць вандалізму з боку будаўнікоў, сябры КХП БНФ штодзённа дзяжураць у Курапатах. Аднак і яны ня могуць упільнаваць усяго, што адбываецца на вялікай тэрыторыі ўрочышча. Паводле Ўладзімера Юхо, на гэтым тыдні з Курапатаў зьнік вялікі дубовы крыж з надпісам "Ахвярам камуністычнага тэрору", усталяваны актывістамі КХП БНФ зь мястэчка Ўзда. Гэты крыж стаяў непадалёк ад праваслаўнай капліцы і зьнік прыкладна ў той час, калі будаўнікі пашыралі ў тым месцы дарогу. Уладзімер Юхо гаворыць, што за сто мэтраў ад зьніклага крыжа месьціўся лягер праваслаўных вернікаў, але яны чамусьці не заўважылі, куды падзеўся гэты памятны знак.

Тым часам абаронцаў Курапатаў нечакана падтрымалі прадстаўнікі Дэпартамэнту аховы спадчыны й рэстаўрацыі пры Міністэрстве культуры. Днямі ў гэтай установе прайшла нарада ў справе Курапатаў. На ёй выступіла навуковая кіраўніца мэмарыялу Курапаты Мая Кляшторная. Яна запатрабавала неадкладна спыніць усе будаўнічыя работы ў ахоўнай зоне Курапатаў. Нягледзячы на пратэсты будаўнікоў і праектантаў, кіраўніцтва дэпартамэнту падтрымала патрабаваньні спадарыні Кляшторнай:

(Кляшторная: ) “Вырашана, што ўсе работы, якія шкодзяць Курапатам, павінны быць спыненыя. То бо: сьцёкі сюды спускаць нельга, весьці дарогу да капліцы, якая не была заплянаваная праектам, нельга – бо яна закранае граніцы Курапатаў. Гэта якраз і ёсьць абарона гэтага аб’екта”.

Цяпер праектанты дарогі мусяць зрабіць так, каб забруджаныя нафтапрадуктамі сьцёкавыя воды не траплялі ў Курапаты. А да 1 верасьня ахоўная зона мэмарыялу павінна быць абазначаная спэцыяльнымі слупкамі.
У Курапаты па-ранейшаму часта прыязджаюць замежныя пілігрымкі. Адна такая польская група актывістаў арганізацыі "Катынская сям'я" пабывала там напрыканцы траўня. А днямі ў бюлетэні гэтай арганізацыі, выдадзеным у горадзе Гдыня, зьявіўся багата аздоблены фотаздымкамі рэпартаж пра Курапаты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG