Нягледзячы на тое, што асноўная частка артыкулаў дамоваў балтыйскіх дзяржаваў з Эўропай ужо падпісаная, ёсьць шэраг пытаньняў, якія застаюцца невырашаныя. І адно зь іх – што будзе далей з так званымі “асобамі без грамадзянства”, якіх толькі ў Латвіі пражывае болей за паўмільёна чалавек.
Дзесяць гадоў незалежнасьці ператварылі Латвію ў абсалютна іншую краіну ў параўнаньні з Латвіяй савецкіх часоў. Эканоміка расьце, разьвіваецца турыстычны рух, аднаўляюцца курорты, узмацняецца банкаўская сыстэма. Рыга становіцца касмапалітычным цэнтрам мастацтваў і гандлю. Аднак, Латвія і надалей сустракаецца зь велізарнай праблемай – як інтэграваць дзясяткі тысячаў жыхароў краіны, якія не зьяўляюцца латышамі. Большасьць зь іх – расейцы, але ёсьць і беларусы, і ўкраінцы, і іншыя нацыянальныя меншасьці.
Ім было дазволена заставацца ў краіне, але яны маюць адмысловы статус – “асоба без грамадзянства”. Яны ня маюць права ўдзелу ў выбарах, ня маюць магчымасьці выяжджаць за межы краіны бязь візаў, як грамадзяне Латвіі.
Як піша газэта New York Times, яны пазбаўленыя права займаць пэўны шэраг пасадаў, у тым ліку, працаваць ва ўрадавых ці мясцовых муніцыпальных структурах. Гэтая забарона распаўсюджваецца нават на тыя гарады, дзе большасьць насельніцтва зьяўляецца расейскамоўнай.
Сытуацыя з этнічнымі расейцамі ўжо даўнj выклікае незадавальненьне латыскай унутранай палітыкай з боку Расеі. Але апошнім часам гэтая праблема зьявілася на парадку дня ў перамовах Латвіі з НАТО і Эўразьвязам.
Цягам апошніх месяцаў прадстаўнікі абедзьвюх арганізацыяў неаднаразова зьвярталіся да Латвіі з патрабаваньнем паскорыць працэсы натуралізацыі і зьмякчыць моўныя законы. Але гэтыя патрабаваньні выклікаюць супраціўленьне ў самой Латвіі. Міністар замежных справаў Індуліс Берзіньш, напрыклад сказаў (цытую): “Найбольш простым шляхам было б арганізаваць працэдуру аўтаматычнага атрыманьня грамадзянства. Але неабходна стварыць мэнтальнасьць грамадзянства. Нам патрэбныя патрыёты Латвіі”(канец цытаты).
Пасьля набыцьця незалежнасьці Латвія прадаставіла грамадзянства кожнаму, хто пражываў на яе тэрыторыі да 17 чэрвеня 1940 году. Менавіта ў той дзень савецкія войскі акупавалі тэрыторыю Латвіі. Грамадзянства атрымалі таксама дзеці тых, хто пражываў у Латвіі да 1940 году, а таксама дзеці, народжаныя ўжо ў незалежнай краіне.
Усе астатнія сталі асобамі без грамадзянства.
У 1995 годзе пад націскам Расеі ды Захаду латыскі парлямэнт прыняў зьмены ў Канстытуцыю, якія дазволілі натуралізацыю гэтых асобаў без грамадзянства. З тых часоў грамадзянства Латвіі атрымалі толькі 55 тысячаў чалавек. На пачатку году ў Латвіі жылі 523 тысячы асобаў без грамадзянства, большасьць зь якіх – этнічныя расейцы.
Патрабаваньне выдатна ведаць латыскую мову стала адной з галоўных перашкодаў на шляху да набыцьця грамадзянства. Акрамя іспыту на валоданьне мовай, трэба здаць іспыт ў гісторыі Латвіі. Заяваў ад жадаючых зьмяніць свой статус і атрымаць латыскі пашпарт стала значна менш.
На сёньняшні дзень сытуацыя выглядае такім чынам, што наўрад ці праблемы расейскамоўнага насельніцтва будуць замінаць краіне далучыцца да НАТО. Але могуць выклікаць вострыя дыскусіі на шляху да Эўразьвязу.
Зразумела, што грамадзяне Латвіі стануць грамадзянамі Эўразьвязу. Але пакуль ніхто ня можа сказаць, што будзе з асобамі без грамадзянства.