Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕКАТОРЫЯ ВЯЗЬНІ НАЦЫСЦКІХ ЛЯГЕРАЎ У БЕЛАРУСІ НЕ ЗАДАВОЛЕНЫЯ СУМАЙ КАМПЭНСАЦЫІ, А НЯМЕЦКІ ЗАКОН АБ ВЫПЛАТАХ УВАЖАЮЦЬ НЕСПРАВЯДЛІВЫМ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кампэнсацыі былым беларускім вязьням нацыскіх канцлягераў, прымусовым рабочым і іх сваякам са жніўня летась выплачвае нямецкі фонд "Памяць, адказнасьць і будучыня" праз беларускага партнэра – фонд "Узаемапаразуменьне й прымірэньне".

Усяго кампэнсацыю розных катэгорыяў мусяць атрымаць каля 130 тысячаў чалавек – 110 тычаў вязьняў і больш за 16 тысячаў іх нашчадкаў на суму каля 347 мільёнаў эўра. Кіраўнік беларускага фонду Валянцін Герасімаў лічыць, што асноўныя выплаты будуць скончаныя ўжо ў наступным годзе, за што ён вельмі ўдзячны нямецкім партнэрам, "Беларусбанку" і асабіста Аляксандру Лукашэнку.

Кампэнсацыі ёсьць трох катэгорыяў: вязьні такіх канцлягераў як Асьвенцым, Бухенвальд, Майданэк, а таксама гета атрымліваюць па 7,5 тыячаў эўра, зьняволеныя іншых лягераў і рабочыя нацысцкіх прадпрыемстваў па 2,5 тысячы, тыя, хто ў пэрыяд вайны працаваў у баўэраў маюць права на кампэнсацыю ў памеры 1,5 тысячаў эўра. На гэтыя грошы маюць права і сваякі памерлых ахвяраў фашызму.

Аднак далёка ня ўсе задаволеныя тым, да якой катэгорыі ахвяраў нацызму іх залічылі. Найперш гэта каля 12 тысячаў вязьняў лягеру сьмерці "Азарычы", што месьціўся недалёка Сьветлагорску. Гаворыць Мая Росьлік, кіраўніца грамадзкага таварыства "Азарычы:

(Росьлік: ) "Азарычы аднесьлі да трэцяй катэгорыі С1 несправядліва, прыраўняўшы лягер зьнішчэньня ў прыфрантавой паласе да лягераў прымусовай працы. Пры гэтым у законе Нямеччыны запісана, што вязьні гета і канцлягераў – гэта катэгорыя А1 – 15 тысячаў марак. Мы патрабуем, каб нам далі гэтую катэгорыю. А яны ня лічаць, што мы вязьні канцлягераў, яны лічаць, што гэты лясны лягер быў нейкай санаторыяй".

Сказала Мая Росьлік.

Падобныя праблемы маюць яшчэ некалькі дзясяткаў беларусаў – зьняволеных лягераў для ваеннапалонных.

Кіраўнік нямецкага фонду "Памяць, адказнасьць і будучыня" Міхаэль Янсэн запэўніў, што справа гэтых вязьняў будзе разгледжаная на паседжаньні рады фонду ў верасьні.

Тыя ж вязьні, якім цяжка сабраць усе неабходныя дакумэнты пра сваё зьняволеньне, могуць бясплатна скарыстацца дапамогай адпаведных архіваў, а таксама фонду "Ўзаемаразуменьне й прымірэньне," – запэўнілі кіраўнік Дзяржкамітэту па архівах Уладзімер Адамушка і шэф фонду Валянцін Герасімаў.

Яшчэ адна праблема – ці дойдуць усе грошы да адрасатаў, бо ў сярэдзіне 90-х гадоў падобныя выплаты ў Расеі, Украіне й ня выключана, што ў Беларусі, не заўсёды даходзілі да атрымальнікаў. Гаворыць старшыня нямецкага фонду Міхаэль Янсэн:

(Янсен: ) "Што тычыцца выплатаў у Беларусі, то мы ня ведаем ніводнага выпадку, калі калі б грошы ня выплацілі. Калі такія выпадкі й былі, то гэта значыць, што чалавек альбо памер, альбо ў шпіталі, альбо выехаў за мяжу".

Сказаў спадар Янсэн. Пры гэтым ён дадаў, што ягоны фонд ня мае ніякага дачыненьня да выплатаў сярэдзіны 90-х. А Валянцін Герасімаў дадаў, што з тых выплатаў у Беларусі засталося каля 9 мільёнаў эўра, якія яшчэ чакаюць сваіх атрымальнікаў.

Акрамя выплатаў вязьням нямецкі бок таксама хвалюе лёс пагадненьня аб даглядзе за вайсковымі магіламі. Нямеччына яго даўно ратыфікавала, а Беларусь дагэтуль не. Амбасадар Нямеччыны Гэльмут Фрык сёньня заклікаў беларускія ўлады як мага хутчэй вырашыць гэтае пытаньне.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG