Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПЭРАТАРЫ ТЭЛЕФОННАЙ МАБІЛЬНАЙ СУВЯЗІ НЯ МОГУЦЬ ДАМОВІЦЦА, НЯГЛЕДЗЯЧЫ НА ЎМЯШАНЬНЕ БЫЛОГА ПРЭМ'ЕРА І МІНІСТЭРСТВА СУВЯЗІ


Ігар Карней, Менск

Нагадаем, што ад моманту атрыманьня сёлета ў чэрвені ад міністэрства сувязі адпаведнай ліцэнзіі на працу ў Беларусі другога апэратара мабільнай тэлефоннай сувязі, абанэнты МТС і ранейшага манапалісту Velcom ня могуць злучыцца паміж сабой. Пры гэтым кожны бок абвінавачвае ў зрыве працы сваіх канкурэнтаў.

Нягледзячы на акрэсьлены міністэрствам сувязі тэрмін, сытуацыя з блякаваньнем тэлефанаваньняў з мабільных тэлефонаў кожнага з апэратараў не зьмянілася. Вось што гаворыць Раман Касьціцын, кіраўнік аддзелу сувязі з грамадзкасьцю кампаніі МТС:

(Касьціцын: ) "Паводле пастановы Міністэрства сувязі, сувязь павінна была ўключыцца ў нуль гадзінаў 8 жніўня. Гэтага не адбылося. Абсталяваньне кампаніі "Мобильные Телесистемы" было гатовае да падключэньня цягам усіх пяці тыдняў працы МТС у Беларусі, ад першага дня. Нічога на камутатары ад таго часу не зачынялася і, адпаведна, сёньня ўначы пэўныя дзеяньні павінны былі зрабіць на камутатары кампаніі Velcom. Паколькі гэтага не адбылося, узьнікла вось такая калізія, і фактычна пастанову Міністэрства сувязі кампанія Velcom ня выканала. Там была дакладна акрэсьленая дата падключэньня сувязі, а Velcom сувязь не ўключыў”.

Пасьля таго як было абвешчана, што афіцыйным кіраўніком беларускага прадстаўніцтва МТС прызначаны былы прэм'ер-міністар Беларусі Ўладзімер Ярмошын, здавалася, што спрэчнае пытаньне будзе вырашанае вельмі хутка. Сапраўды, многія назіральнікі слушна заўважылі, што ў выніку перамоваў з былым шэфам ураду міністар сувязі Ўладзімер Ганчарэнка безапэляцыйна выказаўся ў падтрымку расейскай кампаніі і нават прызначыў дзеля доказу рашучасьці намераў, так бы мовіць, час "Ікс". Але аказалася, што цяперашняга статусу Ярмошына ўжо не дастаткова дзеля вырашэньня канфліктнай сытуацыі.

Дарэчы, чуткі пра тое, што Ярмошын стаўся аднаасобным кіраўніком беларускага прадстаўніцтва расейскай кампаніі аказаліся перабольшанымі. Камэнтуе дарадца сумеснага прадпрыемства МТС у Беларусі Тамара Расолька:

(Расолька: ) "Так, Ярмошын узначальвае прадстаўніцтва МТС у Рэспубліцы Беларусь. Іншымі словамі, гэта афіцыйнае прадстаўніцтва расейскай кампаніі. Але непасрэдна нашае прадпрыемства зарэгістраванае ў міністэрстве юстыцыі як "Сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасьцю", якое ўзначальвае Макар'еў. І гэта цалкам розныя рэчы. Што тычыцца магчымага ўплыву Ярмошына на міністэрства сувязі, то ніякіх камэнтароў я даць не магу. Дый ці трэба адштурхоўвацца ад удакладненьня: "былы прэм'ер – не былы". Пры чым тут гэта?"

Да сярэдзіны дня ніякай рэакцыі на запатрабаваньне міністэрства сувязі наладзіць злучэньне абанэнтаў МТС і Velcom з боку кіраўніцтва кампаніі Velcom не было. Але набліжаныя да Velcom крыніцы паведамляюць, што прадстаўнікі нядаўняга манапаліста мабільнай тэлефоннай сувязі ў Беларусі кажуць, што ў цяперашніх умовах падобнае рашэньне наўрад ці магчымае, бо нельга ставіць у роўныя ўмовы апэратараў, адзін зь якіх мае 250 тысяч абанэнтаў, а другі не дацягвае і да 10 тысячаў. "Вэлкомаўцы" быццам настойваюць на тым, каб расейцы папярэдне кампэнсавалі страты, якія кампанія панясе ў выніку напружанай эксплюатацыі камутатара.

Што зараз сапраўды непакоіць супрацоўнікаў МТС, дык гэта магчымыя санкцыі з боку афіцыйных беларускіх структураў, якія недвухсэнсоўна далі зразумець, што ў выпадку зацягваньня часу адзін з апэратараў павінен будзе зрабіць сур'ёзныя "аргвысновы". І зусім натуральна, што лягічна запытаць паводле ўсёй жорсткасьці закону зь відавочна слабейшага.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG