Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕАНІД МАЛАХАЎ ВЫЙШАЎ НА ВОЛЮ


Міхал Стэльмак, Менск

Леанід Малахаў пакідаў сьцены спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка, што на вуліцы Акрэсьціна, у суправаджэньні міліцыянтаў. Аднак, як патлумачыў ён нашаму радыё, настрой ягоны быў бадзёры:

(Малахаў: ) “Сонца, жнівень, сябры, знаёмыя, калегі па працы”.

(Карэспандэнт: ) “Ці мела “выхаваўчае ўзьдзеяньне” вынесенае вам пакараньне за арганізацыю несанкцыянаванага пікету?”

(Малахаў: ) “Якое гэта пакараньне? Проста ўлады не гатовыя да дыялёгу. А дыялёг патрэбны. Бо калі ёсьць нейкія супярэчлівыя моманты, то трэба садзіцца за стол перамоваў і размаўляць, а не хаваць тых, хто адстойвае свае правы за кратамі”.

Сустракала яго сёньня вялікая група прадпрымальнікаў. 29 ліпеня большасьць іх брала ўдзел разам з Малахавым у акцыі пратэсту ля гандлёва-выстаўнага цэнтру “Паркінг” супраць прымусовага ўкараненьня ў працу прадпрымальнікаў касавых апаратаў. У іх ліку прадпрымальніца Тацяна Дзьмітрыева:

(Дзьмітрыева: ) “Мы вельмі радыя, што нас шмат сабралася прадпрымальнікаў. Мы меркавалі, што людзі будуць баяцца і ня прыйдуць. Аднак гэта ня так, нас тут шмат. І гэта пры тым, што ў нас працоўны дзень. Прадпрымальнікі прыехалі сустрэць Малахава, які пацярпеў за нас”.

Прывітаць лідэра “Прыватнай уласнасьці” прыехаў дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня і былы бізнэсовец Андрэй Клімаў, які за кратамі правёў не адзін год. Вось што ён заявіў нашаму радыё:

(Клімаў: ) “Гэта проста дзікунства, што прыстойнага чалавека садзяць на 10 сутак у асяродзьдзе бамжоў. Гэта паказьнік узроўню інтэлекту нашых судзьдзяў. Гэта барбары, якія ні пра што ня думаюць. Ім ня месца ў нашай краіне, іх варта было б пасадзіць у самалёт ды вывезці ў Сахару”.

Выхад на волю Леаніда Малахава віталі сёньня і прадстаўнікі руху "Зубр", якія 29 ліпеня таксама бралі актыўны ўдзел у прадпрымальніцкай акцыі пратэсту. Гаворыць адзін зь лідэраў "зуброўцаў" Цімафей Дранчук:

(Дранчук: ) “Гэта была толькі першая сумесная акцыя з прадпрымальнікамі. Мы распрацуем плян сумесных дзеяньняў на бліжэйшы час і працягнем адстойваць правы прадпрымальнікаў. Ім зараз помсьцяць за тое, што год таму яны дапамагалі нам. Таму мы проста абавязаныя ім дапамагаць. У любым выпадку мы ня спынімся і даб’емся нармалёвых умоваў для прадпрымальнікаў, каб яны маглі працаваць і зарабляць грошы”.

Дарэчы, лідэру “Прыватнай уласнасьці”, як сёньня высьветлілася, наўрад ці давядзецца адпачыць пасьля 10-дзённага знаходжаньня за кратамі. Вось што Леанід Малахаў паведаміў на гэты конт:

(Малахаў: ) “Заўтра будзе сустрэча з прадстаўнікамі ўлады і, наколькі я ведаю, 26-га будзе ладзіцца страйк прадпрымальнікаў “Дынама”, і мы будзем супольна працаваць над яго падрыхтоўкай”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG