Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЫ ЛІЧАЦЬ, ШТО НОВАЯ СУМА ПРАЖЫТКОВАГА МІНІМУМУ НЕДАСТАТКОВАЯ ДЛЯ НАРМАЛЬНАГА ЖЫЦЬЦЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Я апытаў сёньня шмат людзей рознага веку, полу й заняткаў, і амаль ніхто зь іх не сказаў, што такі пражытковы мінімум дастатковы й на гэтыя грошы можна пры цяперашніх цэнах пражыць поўны месяц. Вось тыповыя адказы беларусаў:

(Кабета: ) "Я адна можа пражыла б тыдні два. А калі сын студэнт, пэўна ж не пражывеш".

(Малады мужчына: ) "На 44 даляры? Я думаю, нармальна можна пражыць дні 4, сьціпла дзён 10. Калі ў нас пражытковы мінімум лічыцца на душу насельніцтва, а трэба было б лічыць на цела насельніцтва".

(Карэспандэнт: ) "Беларускі ўрад увёў новы нарматыў пражытковага месячнага мінімуму - 80 тысячаў 717 рублёў або 44 даляры. Скажыце, ці дастатковая гэтая сума й колькі дзён вы б пражылі на гэтыя грошы?"

(Дзяўчына: ) "Я лічу, што недастаткова гэтай сумы, але цяжка сказаць, на колькі б мне гэтага хапіла. Бо акрамя мінімальных нейкіх прадуктаў трэба яшчэ купляць кнігі, адзеньне".

(Яе сяброўка: ) "І розныя касмэтычныя сродкі. Дзяўчынам заўсёды трэба больш грошаў, чым хлопцам, таму вядома, што гэтых грошай недастаткова".

(Пэнсыянэр зь вёскі: ) "80 тысячаў? Малавата, але для старых у правінцыі на хлеб і малако можа й хопіць. Я зь вёскі сам, свая бульба, гаспадарка, але ўсё роўна мала. Мы ўвесь час чакаем, што нам дабавяць, але дабаўляюць першай групе інвалідаў. Добра, хай ім будзе больш, мы ўжо не крыўдуем".

(Дзяўчына: ) "Я лічу, што гэтая сума недастатковая, я на гэтыя грошы пражыла б ня больш за тыдзень".

(Галава маладой сям'і: ) "Месяц наўрад ці б пражыў, мне здаецца, не хапіла б. Прынамсі мне маладому, тым больш маладая сям'я.

(Хлопец: ) "Колькі дзён? 14-15 ня больш. Калі атрымліваеш 40 даляраў у месяц, гэта вельмі мала. У Менску трэба атрымліваць даляраў 150”.

І толькі адзін малады чалавек сказаў, што ў яго невялікія запатрабаваньні і ён бы нармальна пражыў на 44 даляры ў месяц. Іншыя ж лічаць, што пражытковы мінімум цяпер мусіць складаць ад 100 да 150 даляраў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG