Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТРЫ ЖЫХАРЫ ГОМЕЛЮ ПРОСЯЦЬ ПАЛІТЫЧНАГА ПРЫТУЛКУ ВА ЎКРАІНЕ


Алесь Грыневіч, Менск

Жыхары Гомелю Ўладзімер Буханаў, Сяргей Корнеў і Сьвятаслаў Шапавалаў папрасілі ва ўладаў Украіны палітычнага прытулку. Яны сьцьвярджаюць, што іх перасьледавалі за апазыцыйную дзейнасьць, выклікалі на допыты і зьбівалі. Гэтыя трое гамельчукоў, якія цяпер знаходзяцца ў Кіеве, таксама сцьвярджаюць, што некаторыя іхныя знаёмыя сышлі з жыцьця пры загадкавых абставінах.

Трэці сакратар беларускага пасольства ў Кіеве Ўладзімер Сьцяпук кажа, што ўцекачы нелегальна перайшлі беларуска-украінскую мяжу, даехаўшы дызелем да памежнай зоны. А вось што распавяла пра гэтую сытуацыю намесьніца кіраўніка гомельскага грамадзкага аб'яднаньня "Гарт" Юнэля Сальнікава:

(Сальнікава: ) "Яшчэ падчас прэзыдэнцкай кампаніі мінулага году названыя асобы склалі ліст, асноўны сэнс якога быў у тым, што Лукашэнка – узурпатар. Яны ў гэтым лісьце прасілі дапамогі ад розных замежных дзяржаваў у тым, каб уладу Лукашэнкі неяк так супыніць. Потым гэтыя лісты яны накіравалі ва ўсе вядомыя ім замежныя амбасады. Я ведаю, што яны дзеля гэтага адмыслова езьдзілі ў Маскву і непасрэдна перадавалі лісты прадстаўнікам амбасадаў. Не ўдалося ім перадаць толькі ў амэрыканскую амбасаду, таму яны паслалі поштай – напісалі там "Вашынгтон, Белы Дом, прэзыдэнту Бушу". Натуральна, што гэтае пісьмо да Белага Дому не дайшло, дайшло да мясцовага ГБ, якое адразу ўзялося за гэтых людзей, выклікала. Іх там на допыты цягалі неаднаразова. Карацей, іх пачалі палохаць, што яны хочуць зрабіць там нешта на ўзроўні перавароту".

Юнэля Сальнікава кажа, што цяперашніх ўцекачоў у Гомелі ведалі як вельмі рэлігійных людзей. Паводле яе словаў, яны ня ўдзельнічалі ў нейкіх палітычных кампаніях ці арганізацыях, а жылі "на сваёй хвалі". Прадстаўніца "Гарту" кажа, што найбольш сур'ёзныя абвінавачаньні супраць гомельскіх уцекачоў маглі ўзьнікнуць, калі яны зьвярнуліся ў адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі.

(Сальнікава: ) "Быў яшчэ іншы ліст зь іхнага боку, які яны скіроўвалі на вуліцу Карла Маркса, 38. Яны там казалі, што, зноў такі, Лукашэнка – узурпатар і што яны абвяшчаюць сябе па-за гэтай дзяржавай і ўтвараюць, кшталту, сваю краіну. Па-мойму, вось гэта зьяўляецца нейкай фармальнай падставай дзеля таго, што яны, маўляў, хочуць зрынуць дзяржаўны лад. Прынамсі, ГБ ім такое абвінавачаньне выстаўляе".

Дзяжурны гомельскага абласнога ўпраўленьня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі сказаў, што ня можа паведаміць, ці сапраўды нехта з трох уцекачоў выклікаўся на допыты. Ён спаслаўся на адсутнасць начальства. А вось што сказаў прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Павел Латушка:

(Латушка: ) "Я не магу ні пацьвердзіць, ні абвергнуць гэтую інфармацыю. У дадзены момант мы ўдакладняем усё, што зьвязана з гэтай сытуацыяй".

У апошнія гады шмат беларусаў шукаюць прытулку за мяжой паводле палітычных матываў. Кіраўнік праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі кажа, што сёлета толькі ў гэтую арганізацыю з-за мяжы зьвярнуліся з рознымі просьбамі некалькі дзясяткаў уцекачоў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG