Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАДАТКАВІКІ ПРАВЯРАЮЦЬ НАЯЎНАСЬЦЬ КАСАВЫХ АПАРАТАЎ У ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Як вынікае з тлумачэньняў кіраўнікоў падатковай службы Менску, ініцыявала новыя правілы прадпрымальніцкай дзейнасьці кіраўніцтва краіны. У прыватнасьці, вось што зазначыў на гэты конт начальнік упраўленьня кантролю за падаткаабкладаньнем фізычных асобаў сталічнай падатковай інспэкцыі Генадзь Коваль:

(Коваль: ) "Наш абавязак — выконваць гэтыя нарматыўныя акты. Таму мы заклікаем прымаць грашовыя сродкі праз касавыя апараты. Бо ў выпадку ігнараваньня гэтага правіла прадпрымальнік будзе несьці адказнасьць за парушэньне пункту 6 артыкулу 9 закону “Аб падатках і зборах” у Рэспубліцы Беларусь. Гэтыя грашовыя сродкі спаганяюцца на карысьць бюджэту дзяржавы. Апроч таго, парушальнік зь ліку прадпрымальнікаў ці наёмных работнікаў нясуць адміністрацыйную адказнасьць. Паводле Адміністрацыйнага кодэксу, мерай адказнасьці вызначаны штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічыняў".

Паводле словаў Валянціны Важнік, якая таксама ўзначальвае ўпраўленьне кантролю ў падатковай інспэкцыі Менску, цяпер разгар праверачнай кампаніі сталічных прадпрымальнікаў:

(Важнік: ) "Я сама была ў рэйдзе, і зь дзесяці гандлёвых кропак восем былі з парушэньнямі. Але прадпрымальнік мусіць ведаць, што калі ня будзе ў яго касавага апарату, то яму ня будзе выдадзеная ліцэнзія на прадпрымальніцкую дзейнасьць. Што тычыцца акцыяў пратэсту, то зь несанкцыянаванымі страйкамі асабіста я не сутыкалася".

Паводле словаў спадарыні Важнік, яе падначаленыя ўжо правялі ў сталіцы 511 праверак, падчас якіх у 210 выпадках была зафіксаваная адсутнасьць касавых апаратаў. Парушальнікаў, як падкрэсьліла Валянціна Важнік, чакаюць строгія меры пакараньня — ад мінімальнага штрафу 200 тысяч рублёў да канфіскацыі прадпрымальніцкай маёмасьці.

Лідэры Беларускага страйкавага камітэту прадпрымальнікаў, паводле іхных словаў, ведаюць пра пляны ўладаў актывізаваць фінансавыя рэпрэсіі ў дачыненьні да прадстаўнікоў дробнага бізнэсу.

Вось што паведаміў на гэты конт каардынатар страйкаму па Менску і Менскай вобласьці Леанід Каліценя:

(Каліценя: ) "Беларускі прафсаюз прадпрымальнікаў і страйкам прадпрымальнікаў увогуле і не спадзяваліся на лёгкае рашэньне пытаньня. Але страйк 31 ліпеня — гэта толькі першы крок у адстойваньні інтарэсаў прадпрымальнікаў. Надалей мы будзем праводзіць і іншыя акцыі — зборы подпісаў, пікеты. Учора мы падалі заяўку на мітынг. Мы прасілі два месцы для яго правядзеньня: стадыён "Дынама" і плошчу Бангалёр. Мы маем зьвесткі, што падобныя мітынгі адбудуцца ў некалькіх гарадах рэспублікі, ня толькі ў Менску".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG