Прэзыдэнт Леанід Кучма пэўны час таму адзначыў, што ўкраіна плянуе далучыцца да НАТО. Адначасова ён паставіў задачу стаць асацыянаваным сябрам Эўразьвязу ў 2007 годзе і паўнапраўным – у 2011.
Гэтаму працэсу перашкаджаюць шэраг абставінаў. Па-першае, Захад, і, асабліва, Злучаныя Штаты ня хочуць супрацоўнічаць зь Леанідам Кучмам, таму што яго падазраюць у сувязі з забойствам журналіста Гангадзэ.
А таксама ёсьць падставы сьцвярджаць, што ён прадаваў зброю Іраку. Больш за тое, Кучма яшчэ не прадэманстраваў сваю ахвоту і здольнасьць прайсьці шляхам балючых, але неабходных эканамічных, палітычных і вайсковых рэформаў. Менавіта гэтага чакае ад яго Захад.
Як лічыць Маркіян Былінскі, віцэ-прэзыдэнт Амэрыканска –украінскага фонду, “Кучма разумее, што Ўкраіна мусіць быць у Эўропе. Але прайсьці шляхам рэформаў вельмі цяжка. Я маю на ўвазе не насельніцтва – яны ўжо пакутавалі дастаткова цягам апошніх дзесяці гадоў, але ўплывовых палітычных асобаў”.
Раней Украіна вельмі асьцярожна ўсталёўвала адносіны з Захадам. Але апошнім часам, асабліва пасьля таго як Расея стварыла Раду Расея –НАТО, палітыкі ў Кіеве вырашылі дзейнічаць больш актыўна.
У Ўкраіны няма вялікага выбару варыянтаў. Пасьля таго, як практычна ўсе яе заходнія суседзі інтэгруюцца да Эўропы, Украіны рызыкуе застацца “шэрай зонай”.
Заходнія краіны, нават нягледзячы на сваё адмоўнае стаўленьне да Кучмы, тым ня менш заахвочваюць Кіеў рухацца ў накірунку Эўропы.
Апошнім часам на Ўкраіне пабывалі зь візытамі генэральны сакратар НАТО Джордж Робэртсан і міністар фінансаў ЗША Поль О’Нэйл. Альянс, напрыклад, плянуе цягам праскага лістападаўскага саміту абвесьціць, што Ўкраіна пачала інтэнсыўныя перамовы з НАТО. Гэты крок зьяўляецца першым афіцыйным крокам на шляху да альянсу.
Пад час апэрацыі ў Афганістане Кучма дазволіў НАТОўскім самалётам лятаць па-над тэрыторыяй краіны больш за 2500 разоў. Былі прынятыя некаторыя законы, якія можна лічыць рэфармісцкімі. Але, як паведаміў Віталь Апрышка, дырэктар інстытуту права, апошнія дасьледваньні ўкраінскай заканадаўчай сыстэмы паказваюць, што дзеля далучэньня да Эўразьвязу, Украіна патрабуе яшчэ 469 новых законаў.
Вялікае супраціўленьне празаходняя арыентацыя выклікае ў сацыялістычных і левых партыяў рознага кшталту. Так, напрыклад, Надзежда Трафімава, адна з рэгіянальных лідэраў Прагрэсыўнай Сацыялістычнай партыі, лічыць, што (цытата): “...яны (Захад) спрабуюць зацягнуць нас у НАТО і зрабіць Украіну інструмэнтам у сваёй барацьбе супраць нашых братоў на Беларусі і ў Расеі”.
Заходнія краіны пакуль яшчэ не вызначылася канчаткова са сваім стаўленьнем да Леаніда Кучмы. Не прынятае рашэньне наконт магчымай сустрэчы Джорджа Буша з Леанідам Кучмам.
Магчымасьць такой сустрэчы выклікае незадавальненьне ўкраінскіх апазыцыйных лідэраў.
На думку Олександра Мароза, кіраўніка Сацыялістычнай партыі, такая сустрэча “была б ухваленьнем таго, што робіць Кучма. НАТО і Эўразьвяз выдатна разумеюць, што Ўкраіна не падрыхтаваная і ў бліжэйшыя дзесяць гадоў ня будзе падрыхтаваная (да таго, каб далучыцца да зьвязу).”
На думку Мароза, усе гэтыя заявы патрэбныя кіраўніцтву краіны, каб адцягнуць увагу Злучаных Штатаў і Захаду ад нелегальнага гандлю зброяй і іншых пытаньняў.