Крадзеж у рэдакцыі "Згоды" быў учынены глыбокай ноччу. Учора супрацоўнікі заставаліся на працы да позьняга вечара. А сёньня раніцай убачылі адчыненыя дзьверы кватэры, дзе месьціцца рэдакцыя, і разламаныя кампутары.
Гаворыць галоўны рэдактар "Згоды" Аляксей Кароль:
(Кароль: ) "Зьнятыя ўсе вінчэстэры, дзе захоўваецца інфармацыя, відэакарты, зьнік мадэм і платы памяці. Па сутнасьці праца рэдакцыі зараз спаралізаваная. Зьніклі ўсе праграмы, інфармацыя, набраныя артыкулы й архівы".
Пры гэтым галоўны рэдактар заўважае, што невядомыя злачынцы чамусьці не ўзялі даволі вялікую суму грошай, лічбавы фотаапарат, які каштуе 800 даляраў, дарагія маніторы ды іншыя каштоўныя рэчы. Іх цікавілі толькі жорсткія дыскі кампутараў, дзе захоўваліся матэрыялы чарговага нумару газэты. Матэрыяльны кошт гэтых кампутарных дэталяў значна ніжэйшы за кошт тых рэчаў, якія злодзеі не кранулі.
Таму Аляксей Кароль робіць выснову, што гэтае злачынства ўчыненае зусім ня з мэтай абагачэньня. Галоўны рэдактар "Згоды" працягвае:
(Кароль: ) "Мы расцэньваем гэта як факт агульнай кампаніі супраць незалежных СМІ. У "Народнай Волі" зачыненыя рахункі, "Нашу Свабоду" судзілі. І таксама як акцыю застрашэньня незалежнай прэсы з мэтай паралізацыі яе дзейнасьці".
Крадзеж кампутарнай тэхнікі ў рэдакцыі тыднёвіка "Згода", заснаванага ў 1992 годзе, які выходзіць у Менску трохтысячным накладам — ня першы падобны выпадак. Жорсткія дыскі з інфармацыяй кралі ў газэты "Навіны", часопіса "Полымя", у Беларускага Гельсынскага камітэту, у "Прававой дапамогі насельніцтву" ды іншых грамадзкіх і праваабарончых арганізацыяў. І ніводнае з гэтых злачынстваў дагэтуль не раскрытае.
Таму Аляксей Кароль не зьбіраецца зьвяртацца па дапамогу да міліцыі, бо, на ягоную думку, гэта бессэнсоўна. Галоўны рэдактар "Згоды" кажа, што невядомыя злачынцы часткова дасягнулі сваёй мэты — наступны нумар газэты, хутчэй за ўсё, ня выйдзе.
Аляксей Кароль мае намер зьвярнуцца да калегаў зь іншых недзяржаўных СМІ з просьбай пазычыць кампутары і дапамагчы аднаўленьню інфармацыйнай базы "Згоды".