Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ Ў ТУРМАХ БЕЛАРУСІ ТРОЕ ПАЛІТВЯЗЬНЯЎ


Любоў Лунёва, Менск

У спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку ўтрымліваюцца лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец за арганізацыю акцыі ў падтрымку незалежнай прэсы ў Дзень Незалежнасьці і прадпрымальнік Леанід Малахаў, як арганізатар акцыі прадпрымальнікаў супраць касавых апаратаў. У бераставіцкім ізалятары часовага затрыманьня 15-сутачны арышт адбывае Валеры Шчукін за абарону праваслаўнай аўтакефальнай царквы.

Паўлу Севярынцу і Леаніду Малахаву прыпала сядзець у спэцпрыёмніку пасьля апэрацыі "БОМЖ", у выніку якой камэры папоўніліся адпаведным кантынгентам. Тых, хто адбывае адміністрацыйны арышт, паводле правілаў унутранага распарадку, павінны ўтрымліваць разам.

Таму ў камэрах, у якіх было душна, стала яшчэ й вельмі цесна. Цімафей Дранчук з дзесяці вытрымаў толькі двое сутак. Да яго ўвесь час выклікалі лекара і ў выніку на "хуткай дапамозе" завезьлі ў шпіталь. Амаль суткі яго, прыкаванага да ложка кайданкамі, ахоўвалі людзі ў цывільным са зброяй. Цяпер стан яго здароўя палепшыўся. Вось, што ён сам распавёў Радыё Свабода:

(Дранчук: ) “Два дні, якія я правёў на Акрэсьціна, былі вынікам таго, што я апынуўся ў бальніцы. У камэры, дзе я сядзеў, утрымлівалася замест 5-ці 9 чалавек. Умовы жахлівыя, было вельмі сьпякотна, сьвежага паветра не было, таму ў мяне павысіўся ціск і я патрапіў у бальніцу. Пасьля ахову зьнялі, я адчуваю лепш і цяпер здаровы чалавек. Я так і ня здолеў даведацца, будзе цягнуцца гэты тэрмін, на які мяне пасадзілі. Адвакаты падалі скаргу на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі”.

Заўтра са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка выйдзе на волю лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец. Праз дзень паплечнікі будуць сустракаць прадпрымальніка Леаніда Малахава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG