Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛЁГКІ АД ГАЗАВЫХ І ТРАНЗЫТНЫХ ПАГАДНЕНЬНЯЎ ЛУКАШЭНКІ І ПУЦІНА БЕЛАРУСКІЯ ПРАПРЫЕМСТВЫ НЯ МАЮЦЬ


Валер Каліноўскі, Менск

На мінулым тыдні Фэдэральная энэргетычная камісія Расеі прыняла канчатковае фармальнае рашэньне аб прыраўноўваньні цэнаў на газ для Беларусі да коштаў Смаленскае вобласьці. Нягледзячы на гэта, плён красавіцкіх газавых пагадненьняў А. Лукашэнкі і Ў. Пуціна паступова скарачаецца. Калі адразу пасля ўступленьня іх у сілу Беларусь плаціла за газ каля 650 расейскіх рублёў за тысячу кубічных мэтраў, то цяпер кошт газу для ўсіх рэгіёнаў Расеі ўзьняты на 20 адсоткаў, адпаведна вырас і кошт для беларускіх спажыўцоў.

На сёньня цана газу для Беларусі складае 760 расейскіх рублёў, альбо каля 24 даляраў за 1000 кубамэтраў газу. Нагадаем, што да пагадненьня Беларусь плаціла 30 даляраў за тысячу кубічных мэтраў. Незалежныя адмыслоўцы прагназуюць, што ўжо празь некалькі месяцаў льготныя кошты на газ для Беларусі зноў падскочаць да гэтай лічбы.

Пры гэтым трэба прызнаць, што па льготнай цане прадаецца толькі дзьве трэці ўсіх газавых паставак у Беларусь, якія ажыцьцяўляе РАТ "Газпрам". Адна трэць газу прадаецца Беларусі прыватнай кампаніяй "Ітэра" па ранейшай цане — 30 даляраў.

Але зноў жа трэба ўлічыць, што гэтыя кошты зусім не адпавядаюць тым выдаткам, якія нясуць прадпрыемствы. Згодна з урадавай інфармацыяй, вытворцы плацяць цяпер за газ 47 даляраў замест ранейшых 59. Калі гэта і адпавядае рэчаіснасьці, то, відаць, датычыць ня ўсіх прадпрыемстваў. Гаворыць адзін з кіраўнікоў Гомельскага шклозаводу Ўладзімер Башарымаў:

(Башарымаў: ) “Няма яшчэ нічога, не давялі нам новых прэйскурантаў, як плацілі мы ў траўні 57 даляраў зь нечым, так разьлічваемся і цяпер”.

Паводле Ўладзімера Башарымава, тарыфы чыгуначнага транзыту праз Расею таксама ніяк не зьмяніліся, і такім чынам красавіцкія пагадненьні ніякім чынам не аблегчылі фінансавыя выдаткі вытворцаў. Яны зь нецярпеньнем чакаюць новых тарыфаў з 10 жніўня — прынамсі, ім так абяцалі.

Адчувальная розьніца ад ільготнай цаны на газ, па якой купляе яго "Белтрансгаз", і той, якую плацяць прадпрыемствы, накіроўваецца на так званае перакрыжаванае субсыдаваньне насельніцтва, цэны на газ для якога застаюцца надзвычай малымі, а таксама на пагашэньне ранейшай запазычанасьці за расейскі газ. Доўг Беларусі за газ расейскім кампаніям "Газпрам" і "Ітэра" складае на сёньня каля чвэрці мільярда даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG