Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО РОБЯЦЬ ВЫСОКІЯ ЧЫНОЎНІКІ Ў АДСТАЎЦЫ?


Віталь Цыганкоў, Менск

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у верасьні мінулага году шэраг беларускіх чыноўнікаў на чале з тагачасным прэм’ерам Уладзімерам Ярмошыным былі адпраўленыя ў адстаўку. Існуюць своеасаблівыя намэнклятурныя правілы сучаснай Беларусі, калі пэўны час пасьля адстаўкі былы чыноўнік праходзіць негалосную праверку на дабранадзейнасьць. Калі ён маўчыць, не дае выкрывальных альбо пакрыўджаных інтэрвію, не сустракаецца зь непатрэбнымі асобамі, то цалкам магчымае ягонае вяртаньне ва ўладу.

Урэшце, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў прайшоў амаль год, а ніхто з адстаўленых тады чыноўнікаў ва ўладу так і не вярнуўся — кагосьці не бяруць, хтосьці ня хоча сам.

Уладзімер Ярмошын амаль праз год пасьля сваёй адстаўкі днямі ўзначаліў прадстаўніцтва ў Менску кампаніі МТС, якая стала другім апэратарам на рынку мабільняй сувязі Беларусі. За час вымушанага адпачынку Ярмошына часам зьяўляліся чуткі, што ён можа заняць розныя высокія пасады ў расейска-беларускіх структурах.

Але, відаць, прэзыдэнцкая кампанія сапраўды спарадзіла недавер да Ярмошына ў Аляксандра Лукашэнкі, і вяртаньне былога прэм’ера ў дзяржаўныя структуры стала немагчымае. Вось што лічыць з гэтай нагоды былы кіраўнік управы грамадзка-палітычнай інфармацыі Аляксандар Фядута:

(Фядута: ) “Што адбываеца з былымі прэм’ерамі пасьля таго, як яны йдуць у палітыку, мы добра бачым на прыкладзе лёсу Міхаіла Чыгіра. Ярмошын усё зразумеў добра. Зразумеў, што ўсе тыя судовыя справы, якія адбываюцца зь сям’ёй Чыгіроў, — гэта тое, што можа пагражаць і яму, калі ён пойдзе ў палітыку.

Лічу, што цяперашняе працаўладкаваньне Ярмошына, не магло б адбыцца бяз згоды беларускіх уладаў. А тое, што Ярмошыну не прапануюць ніякай дзяржаўнай пасады, таксама было зразумела. Бо адышоў ён (негледзячы на тое, што з букетам кветак і падзякай ад прэзыдэнта) зразумела, таму, што Лукашэнка больш не хацеў бачыць яго ў сваім атачэньні”.

Лёс іншых чыноўнікаў склаўся ў падобным рэчышчы. Старажыл лукашэнкаўскага ўраду былы віцэ-прэм’ер Валер Кокараў, які сем гадоў курыраваў нафтагазавы комплекс, амаль адразу пасьля выбараў уладкаваўся ў расейскай нафтавай кампаніі ў Разані. Кажуць, што Кокараў вельмі шчасьлівы тым, што ўдалося спакойна і без скандалаў пакінуць беларускі ўрад.

Гэтак сама спакойна паводле ўласнага жаданьня ў чэрвені перайшоў на працу рэктара Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту былы міністар эканомікі Ўладзімер Шымаў.

З тых, хто дасюль не знайшоў сабе месца ў структурах беларускай улады, найпрыкметнейшай фігурай ёсьць Уладзімер Замяталін. Былы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі вось ужо амаль год афіцыйна нідзе не працуе, хаця рэгулярна зьяўляюцца чуткі пра ягонае магчымае вяртаньне на тую ці іншую пасаду ва ўладзе.

Выціснутым з уладных структураў аказаўся і іншы былы намесьнік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Юры Сівакоў. У ягонай біяграфіі ўжо быў момант, калі Сівакоў праз паўгода пасьля звальненьня з пасады міністра ўнутраных справаў быў прызначаны намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта. І цяпер, пасьля адстаўкі ў верасьні мінулага году Сівакоў, як распавёў мне адзін з высокіх чыноўнікаў, імкнуўся патрапіць на працу ў адно зь сілавых ведамстваў. Аднак там яго праігнаравалі, не жадаючы бачыць у сваёй структуры чалавека з такой скандальнай рэпутацыяй. У выніку пасьля некалькіх месяцаў няўдалых спробаў Сівакоў уладкаваўся дырэктарам спартыўнага таварыства “Дынама”.

Варта сказаць, што і Сівакоў і Замяталін — бадай, самыя непрымальныя і непажаданыя пэрсанажы ў асяродзьдзі беларускага чынавенства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG