Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІСКУ ЎЛАДАЎ “НАША СВАБОДА” НАМЕРВАЕЦЦА СУПРАЦЬПАСТАВІЦЬ ІНФАРМАЦЫЮ


Галіна Абакунчык, Менск

Анатоль Тозік намерваецца спагнаць з “Нашай Свабоды” і журналіста Міхаіла Падаляка 215 мільёнаў рублёў, альбо 120 тысяч даляраў за абразу гонару й годнасьці ў зьвязку з публікацыяй у газэце артыкула “Канфідэнцыйна”.

Уартыкуле са спасылкай на даклад расейскіх спэцслужбаў гаварылася аб прыхаванай варажнечы ў прэзыдэнцкім атачэньні. Аўтар артыкула заяўляе, што абвінавачаньні супраць газэты сфальшаваныя, і ён гатовы ў судзе даказаць сапраўднасьць прыведзеных фактаў. Паводле спадара Падаляка, у згаданай публікацыі надрукаваная толькі малая частка зьвестак пра жыцьцё й дзейнасьць многіх высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, якія ўтрымлівае згаданы даклад. Ведаючы гэта, улады намерваюцца папярэдзіць новыя публікацыі. Гаворыць Міхаіл Падаляк:

(Падаляк: ) “Гэты даклад складаецца з 256 старонак цікавага капрамату на 34 найвышэйшыя службовыя асобы Беларусі. У прынцыпе, цяпер стаіць задача пазбавіць нас магчымасьці яго апублікаваць, бо мы плянавалі пачаць гэта з кастрычніка. Мы, напэўна, апублікуем. Думаю, газэту не закрыюць”.

Галоўны рэдактар газэты Павал Жук перакананы, што судовы працэс супраць выданьня ёсьць дзяржзаказам на зьнішчэньне незалежных мэдыяў у Беларусі. Пра гэта сьведчыць і той факт, што ён праходзіць паводле таго ж сцэнару, што і леташні супраць газэты “Свабода”: пасьпешліва і з парушэньнем заканадаўства.

Гаворыць галоўны рэдактар “Нашай Свабоды” Павал Жук:

(Жук: ) “Учора судовыя выканаўцы ўварваліся па сутнасьці ў прыватную кватэру бяз санкцыі пракурора, пачалі апісваць маёмасьць, якая таксама не належыць газэце. Проста груба парушаная працэдура вядзеньня справы. Гэта адназначна палітычны заказ найвышэйшага кіраўніцтва краіны. Зьдзіўляе хуткасьць, зь якой яны пачалі працэс закрыцьця газэты”.

Але журналісты не намерваюцца назіраць, як улады распраўляюцца з газэтай — яны зьбіраюцца публікаваць новыя, закрытыя ад грамадзкасьці зьвесткі пра дзейнасьць чыноўнікаў. Каб паведаміць пра гэта ўладам, яны сабралі прэсавую канфэрэнцыю, а ў заўтрашні нумар “Нашай Свабоды” рыхтуюць адмысловы адкрыты ліст.

Пра тое, што ўлады пазьбягаюць кантролю грамадзкасьці, выкарыстоўваючы суды й законы, гаварыла і прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна.

(Літвіна: ) “Актыўнае прымяненьне артыкулаў з новага Крымінальнага кодэксу аб прыцягненьні да адказнасьці за абразу прэзыдэнта, за паклёп у дачыненьні прадстаўнікоў улады — тое, што сёньня адбываецца. Гэта сьведчыць пра тое, што напярэдадні мясцовых выбараў улада пашыраецца і ўсё робіць дзеля таго, каб вывесьці ўладную эліту з-пад кантролю прэсы”.

Беларуская асацыяцыя журналістаў намерваецца ініцыяваць адмену згаданых артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Суд супраць газэты “Наша Свабода” распачынаецца заўтра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG