Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ЗАДАВОЛЕНЫЯ ЎЧОРАШНІМ АГУЛЬНАНАЦЫЯНАЛЬНЫМ СТРАЙКАМ


Міхал Стэльмак, Менск

У прадпрымальніцкім асяродку сёньня панавалі аптымістычныя настроі. У прыватнасьці, менскія гандляры былі ўражаныя масавасьцю ўчорашняга страйку. Фактычна не працавалі рынкі “Дынама”, “Трактар”, гандлёва-выстаўныя цэнтры “Паркінг”, “Алімп”:

(Прадпрымальніца: ) “Усе не працавалі — 100 адсоткаў”.

(Бубіч: ) “Я, Бубіч Уладзімер Іванавіч, індывідуальны прадпрымальнік. У мяне зараз заробак складае прыблізна 250–300 даляраў. Але ў той жа час я аплачваю “арэнды” і іншыя зборы на 1 мільён рублёў, альбо каля 600 даляраў. Пра якое павелічэньне падаткаў можа ісьці гаворка?”

(Прадпрымальнік: ) “Гэта пакуль наша папераджальная акцыя”.

Сёньня ж лідэры Беларускага страйкавага камітэту прадпрымальнікаў падсумоўвалі вынікі акцыі 31 ліпеня. Вось што паведаміў нашаму радыё старшыня страйкаму Валеры Леванеўскі:

(Леванеўскі: ) “Паводле апошніх зьвестак, у акцыі бралі ўдзел крыху больш як 150 тысяч прадпрымальнікаў і наёмных работнікаў. Большасьць гарадоў (каля 70%) так альбо інакш падтрымалі страйк. Нейкіх эксцэсаў ні ўчора, ні сёньня ня было. Надварот, высокія службовыя асобы зь міліцэйскіх структураў цікавіліся, ці не было правакацыяў. Гэта было ўпершыню.

Дарэчы, ужо ёсьць першыя пазытыўныя зрухі. У Горадні аддзел, што займаецца сэртыфікацыяй тавараў, зьвярнуўся наверх з ініцыятывай скасаваць ранейшыя патрабаваньні да шэрагу тавараў у пытаньні сэртыфікацыі.

Што тычыцца нашых наступных дзеяньняў, то мы зараз спрабуем наладзіць сустрэчу з прадстаўнікамі ўладных структураў. Нас цікавяць адміністрацыя прэзыдэнта, прэм’ер-міністар, Міністэрства падаткаў і збораў, Міністэрства эканомікі й пры ім Дэпартамэнт прадпрымальніцтва”.

Ці гатовыя да перамоваў зь лідэрамі прадпрымальніцкага страйкаму ўладныя структуры? Дырэктар Дэпартамэнту прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі Аляксандар Ліхачэўскі, да якога я зьвярнуўся з гэтым пытаньнем, заявіў, што пакуль ніхто да яго з такімі ініцыятывамі не зьвяртаўся. Што тычыцца ўчорашняга страйку і патрабаваньняў яго ўдзельнікаў, то спадар Ліхачэўскі зазначыў нашаму радыё:

(Ліхачэўскі: ) “Натуральна, мы рэагуем на гэта. Вядома, ёсьць праблемы, якія трэба вырашаць. Гэта ўжо мы абмяркоўвалі ў Дэпартамэнце і рыхтуем па выніках абмеркаваньня свае прапановы. Што тычыцца зьменаў у прэзыдэнцкі дэкрэт, то, калі нам іх дасылалі на ўзгадненьне, мы сваю пазыцыю выказвалі. Тыя мерапрыемствы, што былі накіраваныя на пагаршэньне становішча прадпрымальнікаў, мы не падтрымлівалі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG