Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВАЛ ЖУК ЗЬБІРАЕЦЦА ВЫКЛІКАЦЬ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКУ Ў ЯКАСЬЦІ СЬВЕДКІ НА ПРАЦЭС “ТОЗІК СУПРАЦЬ “НАШАЙ СВАБОДЫ”


Віталь Цыганкоў, Менск

Сёньня галоўны рэдактар газэты “Наша Свабода” Павал Жук і журналіст гэтага выданьня Міхаіл Падаляк былі выкліканыя ў суд Маскоўскага раёну Менску. Старшыня суду Анатоль Савіч афіцыйна прадставіў ім пазоў на адрас газэты ад імя старшыні Камітэту Дзяржаўнага кантролю Анатоля Тозіка “аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі”.

Працэс пачнецца ўжо ў наступную пятніцу, 2 жніўня. Тозік патрабуе спагнаць 200 мільёнаў рублёў (звыш 110 тысяч даляраў) з газэты і 15 мільёнаў рублёў з аўтара артыкула Міхаіла Падаляка.

У артыкуле “Канфідэнцыйна”, які выклікаў абурэньне высокага чыноўніка, распавядаецца пра нябачную барацьбу пэўных груповак і асобаў у атачэньні Аляксандра Лукашэнкі. Аўтар матэрыялу, спасылаючыся на пэўныя дакладныя запіскі расейскіх спэцслужбаў, сьцьвярджаў сярод іншага, што Анатоль Тозік пісаў дакладныя запіскі на імя Аляксандра Лукашэнкі, крытыкуючы ў іх генэральнага пракурора Віктара Шэймана. Менавіта гэтае месца прыводзіць у сваім пазове Анатоль Тозік, называючы гэтыя цьверджаньні абразай свайго гонару.

Рэдактар “Нашай Свабоды” Павал Жук распавядае, як рэдакцыя зьбіраецца даказваць тыя факты, якія прагучалі ў артыкуле Падаляка:

(Жук: ) “Дакумэнты, на якія мы спасылаемся, існуюць, мы можам іх прад’явіць. Суду, каб засьведчыць іх, прыйдзецца рабіць запыт у расейскае ФСБ. Гэта, скажам так, апэратыўныя дадзеныя, таму я ня ўпэўнены, ці здолее Маскоўскі суд Менску атрымаць гэтыя дакумэнты ад расейскага ФСБ. Але гэтыя дакумэнты ёсьць, і хай суд вырашае іхную адпаведнасьць.

З КДК — ведамства Тозіка — штомесяц ідуць дакладныя запіскі аб стане справаў да прэзыдэнта. Яны праходзіць праз канцылярыю, там яны рэгіструюцца. Рэгістрацыйныя нумары ў нас ёсьць, мы можам запрасіць канцылярыю, каб яна іх паказала”.

Незвычайнымі ў гэтым працэсе будуць і наступныя акалічнасьці. Па-першае, судовае паседжаньне прызначанае надзвычай хутка, усяго празь некалькі дзён пасьля атрыманьня пазову. Сёньня ў другой палове дня ў памяшканьні рэдакцыі паводле пастановы суду пачаўся вопіс маёмасьці. Адметна, аднак, што рэдакцыя сваёй маёмасьці ня мае, беручы яе ў арэнду ў прыватных асобаў.

А-па-другое, вядзе справу судзьдзя Анатоль Савіч, які ў свой час закрыў газэту “Навіны”, папярэдніцу “Нашай Свабоды”. Павал Жук расцэньвае гэтыя акалічнасьці наступным чынам:

(Жук: ) “Зараз існуе замова, каб цалкам прыдушыць усю незалежную прэсу. Гэта факт. Мы бачым, як разьбіраліся з “Пагоняй”, як разьбіраюцца зараз з газэтай “Рабочы”, толькі закончыўся суд над “Народнай Воляй”, ну і зараз будзе суд з намі. Гэта ні што іншае, як замова найвышэйшай улады, каб прыдушыць незалежную прэсу”.

І яшчэ адна адметная акалічнасьць гэтай справы. У сваім пазове спадар Тозік сьцьвярджае, што ня скардзіўся Аляксандру Лукашэнку на Віктара Шэймана. Пацьвердзіць праўдзівасьць гэтага цьверджаньня, на думку Паўла Жука, можа толькі сам Лукашэнка. Таму рэдакцыя “Нашай Свабоды” зьбіраецца выклікаць у суд Аляксандра Лукашэнку ў якасьці сьведкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG