Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ АДБЫЎСЯ АДНАДЗЁННЫ АГУЛЬНАНАЦЫЯНАЛЬНЫ СТРАЙК ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

У Менску агульнанацыянальны страйк быў масавым. Паводле арганізатараў акцыі, іхныя пляны ажыцьцявіліся. Гаворыць каардынатар страйкаму па Менску і Менскай вобласьці Леанід Каліценя:

(Каліценя: ) “Страйк, на думку страйкавага камітэту Менску, прайшоў вельмі добра. У горадзе Менску сёньня не працавалі рынкі, гандлёва-выстаўныя цэнтры, кірмашы. На некаторых рынках працавала частка людзей, але, як мы высьветлілі, гэта альбо азэрбайджанцы, альбо віетнамцы — інакш кажучы, неграмадзяне Беларусі альбо асобы, што гандлююць сельскагаспадарчай прадукцыяй уласнай вытворчасьці.

Тое, што ў акцыі бралі ўдзел прадпрымальнікі гандлёвых выставаў, дзе штодзённая арэнда складае 50–100 даляраў, сьведчыць пра вельмі цяжкія цяперашнія ўмовы для беларускага бізнэсу. Паводле папярэдніх зьвестак, у Менску сёньня ня працавалі каля 25 гандлёвых аб’ектаў, альбо іх загрузка складала ня болей як 10%. А колькасьць прадпрымальнікаў і наёмных работнікаў, якія сёньня не працавалі й падтрымалі страйк, — да 80 тысяч чалавек”.

Насамрэч сёньня многія рынкі Менску, якія я асабіста наведаў, пуставалі альбо прадпрымальнікі былі на рабочых месцах, але не працавалі. Вось, напрыклад, як пракамэнтавалі сёньняшнюю акцыю прадпрымальнікі менскага рынку “Трактар”:

(Андрэй: ) “Рынак не працуе, бо фіксаваную стаўку павялічваюць у два разы. Мы і так ледзьве зводзім канцы з канцамі тут”.

(Прадпрымальніца: ) “Тут сталі прадпрымальнікамі як простыя рабочыя, так і людзі, што маюць дзьве вышэйшыя адукацыі. Тут усе людзі, адна тысяча ці паўтары тысячы, будуць выкінутыя на вуліцу, усе будуць беспрацоўнымі”.

(Прадпрымальнік: ) “Я працую рэалізатарам на рынку. Я хочу, каб мы імкнуліся арганізавана, усе прадпрымальнікі Беларусі, абараняць нашыя правы”.

Ведаюць пра сёньняшні страйк прадпрымальнікаў і сталічныя ўлады. Аднак афіцыйнай рэакцыі на гэты конт з боку Менгарвыканкаму пакуль няма. Вось што зазначыла нашаму радыё супрацоўніца прэсавага цэнтру Галіна Кірсанава:

(Кірсанава: ) “Пакуль я вам нічога не магу сказаць. Ня мы прымалі рашэньне пра гэты так званы страйк, ня мы яго арганізоўвалі. Але нас гэта турбуе, паколькі людзі незадаволеныя. Бо задача гарадзкіх уладаў — наладзіць працу прадпрымальнікаў, каб ім было камфортна гандляваць. Кіраўніцтву гарвыканкаму гэта вельмі непрыемна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG