Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ АДКРЫЕЦЦА БЕЛАРУСКАМОЎНАЯ ГІМНАЗІЯ


Севярын Квяткоўскі, Менск

Інфармацыйныя стэнды фае школы №23 аформленыя па-беларуску. Тут маюць дзесяцігадовы досьвед навучаньня на беларускай мове, але ня ўсіх, а асобных клясаў. Гімназічнымі лічацца клясы сярэдняга зьвяна, дзе вучацца дзеці між пачатковым і ліцэйскім узростам. У 2002 годзе з 400 сярэднеклясьнікаў толькі чвэрць будзе вучыцца па-беларуску. Тлумачыць дырэктарка гімназіі Ніна Нікіціна:

(Нікіціна: ) “Гэты працэс разьлічаны на чатыры–пяць гадоў. На наступны год ізноў ідзе набор у чацьвертыя клясы беларускае мовы навучаньня. І паступова так і ператвараецца: уся гімназія зь беларускай мовай навучаньня. Яшчэ раз падкрэсьліваю — паступова”.

Ці магчыма сярэднюю школу №23 адразу ператварыць у цалкам беларускамоўную? Спадарыня Нікіціна кажа, што магчыма. Але, на думку дырэктаркі, паступовы працэс дасьць большы эфэкт:

(Нікіціна: ) “У нас ёсьць сёньня выкладчыкі зь беларускай мовай навучаньня. Сёньня гімназія — гэта патрабаваньне да настаўніка і патрабаваньне да вучня — адпавядаць гімназічнаму ўзроўню”.

Калі ўзровень настаўніка вызначае кіраўніцтва школы, дык свой узровень вучань дэманструе на іспытах па беларускай і расейскай мовах і матэматыцы. Гімназія мае гуманітарны накірунак, але не спэцялізуецца ўласна на беларускае мове. Спэцыялізацыя адбываецца ў апошніх клясах, якія тут называюць гімназічнымі другой ступені. А маленькія гімназісты пачнуць пашырана вучыць некаторыя дысцыпліны. Працягвае Ніна Нікіціна:

(Нікіціна: ) “Паглыбленае вывучэньне замежнай мовы і кампутара. Далей: гісторыя сусьветная, культуры, чалавек і грамадзтва, лёгіка, фальклёрны ансамбль”.

Спадарыня Нікіціна кажа, што як дырэктарка, ня мае псыхалягічных праблемаў з бацькамі, што да беларускае мовы навучаньня. Паступіць у гімназічныя клясы ўважаецца прэстыжным.

(Нікіціна: ) “Галоўным павінен быць зьмест. Каб гэта была гімназія, у якой усё, што ёсьць лепшае ў Беларусі, было тут. Мне здаецца, што ўсё гэта ад нас вельмі залежыць, як мы да гэтага ставімся. Я казала й казаць буду: размаўляць па-беларуску для беларуса ня мусіць быць вялікім гераізмам. Гэта павінна быць нормай, мне здаецца”.

Апрача беларускае гімназіі, менскія ўлады плянуюць адкрыць яшчэ чатыры новыя гімназіі: з паглыбленым вывучэньнем францускае мовы, фізыка-матэматычную, з эканамічным і з эстэтычным ухілам. Усе з дамінаваньнем расейскай мовы навучаньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG