У адкрытым лісьце да грамадзкасьці заснавальнікаў ініцыятывы – прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі – гаворыцца, што пасьля разбурэньня будынку сынагогі на вуліцы Дзімітрава, 3 у Верхнім горадзе распачынаецца новы этап зьнішчэньня гістарычнай спадчыны.
Днямі тут пачынаюцца праектна-пошукавыя работы дзеля будаўніцтва шматузроўневай аўтастаянкі ў раёне вуліцы Няміга. Дазвол на яе будаўніцтва ў лютым гэтага году ад Менгарвыканкаму атрымала закрытае акцыянэрнае таварыства “Паркінг”. Паводле аўтараў ініцыятывы, гэта такія ж супрацьзаконныя дзеяньні ўладаў, як і разбурэньне будынку сынагогі. Аўтары адкрытага ліста патрабуюць не дапусьціць гэтага будаўніцтва.
Новая ініцыятыва мае намер змагацца за выратаваньне ўсіх гістарычных помнікаў і мясьцінаў Менску. Гаворыць адзін з заснавальнікаў арганізацыі “Няміга-1507” Якаў Гутман:
(Гутман: ) “Чаму “Няміга-1507”? Таму што паводле архіўных дакумэнтаў першы мураваны будынак на Нямізе быў пабудаваны ў 1507 годзе. Гэта адзіная магчымасьць можа ў апошні раз з больш шырокім колам прадстаўнікоў беларускага грамадзтва і простых людзей зрабіць спробу прыцягнуць увагу кіраўніцтва краіны да таго, што так нельга”.
Мастак Аляксей Марачкін, які выступае сузаснавальнікам ініцыятывы, перакананы, што супольнымі намаганьнямі можна выратаваць тое, што яшчэ захавалася, але можа быць зьнішчанае гэтымі днямі. Гаворыць Аляксей Марачкін:
(Марачкі: ) “Нямігу зьнішчылі не да канца, зараз там мяркуюць зрабіць найвелізарнейшую аўтастаянку. Галоўнай мэтай ёсьць спроба яшчэ раз адкрыць вочы менчукам і ўсім астатнім жыхарам Беларусі — як нішчыцца нашая спадчына”.
Сузаснавальнікамі ініцыятывы зьяўляюцца таксама й шараговыя жыхары дому №4 па вуліцы Шпалернай, якія актыўна выступілі за аднаўленьне будынку сынагогі. Сёньня свае патрабаваньні ў пісьмовай форме яны накіравалі генэральнаму пракурору краіны Віктару Шэйману.