Адкрываючы паседжаньне, А.Лукашэнка перш за ўсё абвергнуў чуткі пра тое, што сёньня адбудуцца масавыя адстаўкі, але разам з тым прызнаў, што ён нікому зь міністраў не абяцаў “вечнае цараваньне” — маўляў, усё будзе залежаць ад вынікаў працы кожнага. Сёньня ж плянавая справаздача ўраду за шэсьць месяцаў, сказаў ён і выказаў упэўненасьць, што народ сёлета будзе з хлебам, паколькі сабрана ўжо каля пяці мільёнаў тонаў збожжа.
Падчас мінулай справаздачы 29 красавіка Аляксандар Лукашэнка зрабіў прэм’еру Генадзю Навіцкаму “вымову з апошнім папярэджаньнем” аб тым, што калі праз тры месяцы крызысная сытуацыя ў эканоміцы ня будзе выпраўленая, яго і ўрад чакае адстаўка.
Тады А.Лукашэнка выказваў незадавальненьне тым, што ўрад не забясьпечыў выкананьне ў першым квартале шасьці з дванаццаці асноўных прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны. Цяпер ня выкананымі застаюцца чатыры такія паказчыкі.
Эканамічны крызыс не пераадолены. Каля паловы прадпрыемстваў застаюцца стратнымі, 77% месячнай вытворчасьці тавараў ляжыць на складах. Вялікай застаецца запазычанасьць па заробках — у прыватнасьці, у сельскай гаспадарцы яна складае 29 мільярдаў рублёў, там ня выплачаныя заробкі яшчэ з красавіка.