Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ АДБУДЗЕЦЦА ЗАПЛЯНАВАНАЕ АВІЯШОЎ ПАД МЕНСКАМ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Штогод на аэрадроме ў пасёлку Баравая пад Менскам ладзяцца авіяцыйныя сьвяты, якія зьбіраюць некалькі дзясяткаў тысяч гледачоў. Сёлетняе было заплянаванае на 18 жніўня. Меркавалася, што ў сьвяце возьме ўдзел і вайсковая авіятэхніка, аднак трагедыя пад Львовам, у выніку якой загінула больш за 80 чалавек, прымусіла арганізатараў скарэктаваць свае пляны.

Пра гэта Радыё Свабода паведаміў начальнік інфармацыйнага цэнтру Вайскова-паветраных сілаў Уладзімер Лаўранюк:

(Лаўранюк: ) “Пакуль наш удзел у авіяцыйным сьвяце пад пытаньнем у сувязі з падзеямі, якія адбыліся пад Львовам. Канчатковага рашэньня пакуль няма, становішча вывучаецца. Але хутчэй за ўсё, удзельнічаць ня будзем”.

Падпалкоўнік Лаўранюк паведаміў, што кіраўніцтва Вайскова-паветраных сілаў Беларусі лічыць, што недарэчна праводзіць вайсковае авіяшоў неўзабаве пасьля трагедыі ва Ўкраіне, а таксама ўлічвае настроі звычайных людзей, якіх вельмі напалохалі апошнія авіякатастрофы ў Нямеччыне, ва Ўкраіне і ў Расеі.

“Мы правядзем урачысты сход, павіншуем з 60-годзьдзем вайсковай авіяцыі вэтэранаў, узнагародзім найлепшых лётчыкаў, але, відаць, абыдземся без дэманстрацыйных палётаў нашых МіГаў і Су”, — паведаміў прадстаўнік Вайскова-паветраных сілаў. Падпалкоўнік Лаўранюк таксама адзначыў, што пасьля трагедыі пад Львовам пераглядаюцца дакумэнты, якія рэглямэнтуюць удзел вайсковай авіятэхнікі ў падобных сьвятах.

А вось у Беларускім абаронным спартова-тэхнічным таварыстве ад плянаў правесьці ў Баравой традыцыйнае авіяшоў не адмаўляюцца. Кіраўнік таварыства Пётар Лебедзеў ня лічыць, што трэба ставіць крыж на падобных сьвятах.

(Лебедзеў: ) “Аўтамабільны транспарт дае кожны дзень аварыі, але гэта не азначае, што трэба ўсіх спыніць і ня езьдзіць. Калі мы разьвіваем гэтыя віды спорту, то трэба і сьвяты праводзіць, але гарантуючы бясьпеку ўдзельнікаў і гледачоў. У Львове, безумоўна, правілы бясьпекі былі парушаныя, і гэта нанесла моцны ўдар па авіяцыі, па яе прэстыжы”.

Між тым, беларуская гісторыя авіяцыйных сьвятаў таксама мае чорную старонку. Летам далёкага ўжо 1963 году падчас авіяшоў у Баравой разьбіўся чэмпіён сьвету лётчык Вадзім Аўсянкін. Цудам удалося пазьбегнуць ахвяраў сярод гледачоў. У выніку ледзь не на 20 гадоў дэманстрацыйныя палёты спартовых самалётаў у небе над Менскам былі забароненыя.

А вось што да вайсковай авіятэхнікі, то самалёты з чырвонымі зоркамі на крылах дагэтуль рэгулярна зьяўляюцца над кварталамі сталіцы. Варта згадаць хаця б авіяцыйны парад трохгадовай даўніны на Дзень незалежнасьці. Тады на невялікай вышыні над праспэктам Скарыны праляцелі цяжкія бамбавікі ў суправаджэньні зьнішчальнікаў. Цяжка ўявіць памеры трагедыі, калі хаця б адна з гэтых машынаў упала на дамы. Між тым, афіцыйна авіяцыйны парад быў прызнаны ўзорным, і сярод жыхароў Менску ягонае правядзеньне ня выклікала вялікіх пратэстаў.

І ўсё ж пад уплывам падзеяў звонку настроі людзей мяняюцца, пра што сьведчыць і рашэньне кіраўнікоў Вайскова-паветраных сілаў Беларусі адносна ўдзелу ў жнівеньскім авіяшоў у Баравой пад Менскам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG