Экспэртная група ў галіне заканадаўства Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў падала сьпіс мінімальных зьменаў выбарчага заканадаўства. Іх сапраўды няшмат — прапановы ахопліваюць толькі сем з 54 параграфаў Кодэксу.
У гэтым галоўнае адрозьненьне цяперашняга падыходу ад канцэпцыі 2000 году, калі палітычная апазыцыя прапаноўвала шмат паправак да заканадаўства, што ахоплівае выбары ў парлямэнт. А вось мэханізм паляпшэньня закону застаецца такі самы, як і два гады таму — праз папраўкі да закону, якія зацьвярджаюць дзьве палаты Нацыянальнага сходу і кіраўнік дзяржавы.
Як патлумачылі сёньня экспэрты, іншага законнага варыянту ў Беларусі цяпер проста не існуе. Таму і пастаўленая мэта — да пачатку кастрычніцкай сэсіі палаты прадстаўнікоў перадаць ёй канкрэтныя прапановы.
Спадар Пліска, які ўзначальвае экспэртаў у галіне заканадаўства, вылучае дзьве, на ягоны погляд, самыя неабходныя папраўкі:
(Пліска: ) “Першая, я лічу, вельмі важная прапанова нашая — зьмяніць парадак фармаваньня выбарчых камісіяў. Практыка правядзеньня мінулых выбараў сьведчыць, што яны не насілі плюралістычны характар. І таму нашая прапанова скіраваная на тое, каб гарантаваць прадстаўніцтва палітычных партыяў у камісіях усіх узроўняў. І другая прапанова датычыцца грамадзкага назіраньня за выбарамі. Мы лічым, што грамадзкі назіральнік абавязкова павінен атрымаць копію выніковага пратаколу, засьведчанага выбарчай камісіяй”.
Сёньняшняе паседжаньне рады ўпершыню прайшло не пад дахам КНГ АБСЭ ў Менску, а ў штаб-кватэры Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады. Ці не перашкодзіла гэта працы палітычных лідэраў? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да кіраўніка партыі Станіслава Шушкевіча, які старшыняваў на сёньняшнім паседжаньні:
(Шушкевіч: ) “Мне здаецца, што зусім наадварот, таму што свае сьцены дапамагаюць. Як вы бачыце, мы сёньня на рэдкасьць цікава правялі паседжаньне — толькі адно галасаваньне прывяло да таго, што быў адзін чалавек, які ўстрымаўся. А ва ўсіх астатніх галасаваньнях усё было аднагалосна. Значыць, мы знайшлі даволі хутка канструктыўнае рашэньне па ўсіх вельмі важных пытаньнях”.
10 верасьня ў Менску з ініцыятывы Кансультацыйнай рады пройдуць грамадзкія слуханьні “Дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства як аснова свабодных і справядлівых выбараў”.