Горад вялікай хіміі Наваполацак у пляне чысьціні экалягічнага асяродзьдзя зьяўляецца ці ня самым брудным у краіне. Тут у выніку тэхнагеннага ўзьдзеяньня забруджанае ня толькі паветра, але й вада ў навакольных вадаёмах.
Яшчэ колькі гадоў таму мясцовыя газэты рэгулярна друкавалі даведкі аб стане забруджваньня вадаёмаў, якія сьведчылі аб перавышэньні памежна-дапушчальных нормаў (ПДК) утрыманьня цяжкіх мэталаў, нафтапрадуктаў ды іншых шкодных рэчываў у некалькі дзясяткаў разоў. Аднак апошнім часам такая інфармацыя блякуецца, і сама экалягічная тэма практычна зьнікла з газэтных палосаў.
І вось толькі днямі гарадзкая газэта “Химик” паведаміла вынікі мікрабіялягічнага дасьледаваньня дзьвінскай вады. Паводле яго, у літры вады сканцэнтравана больш як 240000 кішэчных палачак, што адпавядае неачышчаным бытавым сьцёкам. У такой сытуацыі санітарная служба гораду забараніла купаньне ў Дзьвіне і возеры Люхаве, якое месьціцца ў санітарна-ахоўнай зоне нафтахімічнага комплексу. Зрэшты, месьцічы ігнаруюць ўсялякія забароны: на рацэ, і на возеры гэтымі днямі поўна людзей.