Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КНГ АБСЭ АДМАЎЛЯЕ БЕЛАРУСКАЙ АПАЗЫЦЫІ Ў МАГЧЫМАСЬЦІ ПРАВОДЗІЦЬ СВАЕ ПАСЕДЖАНЬНІ Ў БУДЫНКУ ГРУПЫ


Уладзімер Глод, Менск

У Кансультацыйна-назіральнай групе АБСЭ ў Беларусі спадарыня Фіцджэральд, якая цяпер ёсьць адказнай за працу групы, адмовілася даваць тлумачэньні адносна такога рашэньня.

Аднак з кулюараў я змог даведацца, што, па-першае, гэтыя захады ўзгадняліся са штаб-кватэрай АБСЭ ў Вене, і, па-другое, яны часовыя. Адпаведная інфармацыя накіраваная кожнай з васьмі партыяў, што ўваходзяць у КРАПП. Ёй падзяліўся прадстаўнік адной з партыяў.

Паводле ягоных словаў, КНГ ня хоча, каб склалася ілюзія, што калі група дае магчымасьць апазыцыі праводзіць паседжаньні й сэмінары пад сваім, дык яна тым самым працуе на апазыцыю. І яшчэ дзьве абставіны — малы склад місіі, які працуе цяпер у Менску плюс недахоп матэрыяльных сродкаў.

А вось як тлумачыць рашэньне КНГ лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Узнікла сытуацыя, калі беларускім уладам трэба трымацца хоць за саломінку. І яны празь неафіцыйныя каналы даюць у Вену інфармацыю, што ў будынку, які арандаваны гэтай арганізацыяй, засядаюць палітычныя партыі, якія ваююць супраць беларускіх уладаў. Гэта ня ёсьць аргумэнтам. Але разам з тым Вена зацікаўленая, каб быў абсалютна чысты, вылізаны такі варыянт, каб нельга было прад’явіць абсалютна ніякіх аргумэнтаў супраць таго, каб місія працавала ў Менску”.

З моманту ўтварэньня Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў, а гэта адбылося восеньню 1999 году, усе паседжаньні рады, а таксама экспэртных групаў праходзілі ў будынку КНГ АБСЭ ў Беларусі.

Сёньня экспэрты ў галіне заканадаўства зьбіраліся ў памяшканьні БНФ, а заўтрашнюю сустрэчу лідэраў палітычнай апазыцыі пераносяць на штаб-кватэру Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG