Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЕВЯРЫНЦА ЗАСУДЗІЛІ НА ДЗЕСЯЦЬ СУТАК


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня ў Цэнтральным судзе зранку сабраліся сябры Маладога Фронту і прадстаўнкі КНГ АБСЭ. З 27 ліпеня Паўла Севярынца ўтрымлівалі ў спэцпрыёмніку на вуліцы Акрэсьціна. У суд яго прывезьлі аб 11-й гадзіне. Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “На Акрэсьціна ўлетку даволі душна. Пасьля апэрацыі “БОМЖ” камэры занятыя адпаведным кантынгентам. Тыя, хто да суду, — звальваюцца ў адну камэру. Народу вельмі шмат. Вазілі па ўсім горадзе ў “аўтазаку” дзьве гадзіны. Нейкі эсэсавец быў за рулём — падкідвала на кожным павароце. Пасьля гэтага ў райаддзел. У райаддзеле яшчэ крыху прэсынгу. Пагражалі: “Не патрабуй адваката, а то завязем зноў на Акрэсьціна”. Ну, знаёмая карная сыстэма”.

У судзе Павал Севярынец спачатку заявіў хадайніцтва пра адваката. Судзьдзя Натальля Вайцяховіч папярэдзіла яго, што ў такім выпадку ён будзе ўтрымлівацца ў спэцпрыёмніку да наступнага паседжаньня. Павал вырашыў абысьціся сваімі сіламі. Тым больш, як заўважыў Павал, судзьдзя загадала міліцыянтам пачакаць прысуду за дзьвярыма, — значыць, адразу зразумела, якое будзе рашэньне. 10 сутак арышту ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку — такі вырак судовага паседжаньня.

Пасьля вынясеньня прысуду лідэр Маладога Фронту паведаміў Радыё Свабода:

(Севярынец: ) “10 сутак — звычайны прысуд па маім улюбёным 167 артыкуле за арганізацыю несанкцыяванага мітынгу і шэсьця. Ну, што казаць? Сыстэма застаецца бязь зьменаў. Сыстэма не жадае мяняцца й дэманстраваць нейкія прыкметы пераменаў. Таму я расцэньваю гэта як чарговы карны акт супраць беларускага грамадзтва, супраць моладзі, якая змагаецца за незалежнасьць, за незалежную прэсу.

Думаю, што гісторыя расставіць усе акцэнты і ў гэтай справе, і ў сотнях іншых падобных справаў. У мяне цяпер шмат справаў. Я зьбіраюся дапісаць кнігу, якую пляную прэзэнтаваць 6 верасьня пра пакаленьне Маладога Фронту, пра пакаленьне моладзі 1970-80-х гадоў нараджэньня. Думаў заняцца гэтай справай на волі, ну, калі за кратамі, то за кратамі”.

Нягледзячы на тое, што цягам двух месяцаў у Менску не было масавых палітычных акцыяў, у спэцпрыёмніку амаль пастаянна ўтрымліваюцца “палітычныя” вязьні. Гэтым разам месца Юрыя Хадыкі заняў Павал Севярынец.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG