Я стаю на скрыжаваньні праспэкта Дзяржынскага і вуліцы Клары Цэткін у Менску побач з шэрагам вялікіх рэклямных шчытоў. Паміж рэклямай аўтамабіляў “Рэно”, булёну “Галіна Блянка” і тыднёвіка “Из рук в руки” — плякат з партрэтам жанчыны, кветкамі й адным словам: “Люблю!” Такія плякаты з жаночым тварам можна пабачыць апошнім часам на вуліцах Менску.
Гэта не рэкляма нейкага тавару ці кампаніі — проста нехта з заможных менчукоў зрабіў такім чынам прыемнае сваёй каханай жанчыне. Гаворыць Аляксандар Гілбурд, дырэктар фірмы “Color-express” — адной з тых, што займаюцца разьмяшчэньнем рэклямы на вуліцах Менску:
(Гілбурд: ) “Гэта вялікая паштоўка. Людзі дасылаюць адзін аднаму паштоўкі зь віншаваньнямі, з прызнаньнямі ў каханьні. Нехта дасылае праз пошту, нехта віншуе праз радыё, нехта ў газэце, а нехта такім вось чынам хоча сказаць, што кахае ці хоча замірыцца. Была гісторыя, што чалавек, у якога нарадзілася дзіця, павіншаваў сваю жонку, павесіўшы плякат насупраць свайго дому. Ну, не павіншаваў, а выказаў удзячнасьць жонцы за тое, што яна нарадзіла яму дзіця. Быў такі плякат”.
Арэнда рэклямнага шчыта ў Менску каштуе дорага — некалькі соцень даляраў штомесяц, у залежнасьці ад месца. Аляксандар Гілбурд кажа, аднак, што асабістыя плякаты можна разьмесьціць бясплатна, бо яны трапляюць пад вызначэньне сацыяльнай рэклямы. Але і сам па сабе плякат абыдзецца нятанна. Я затэлефанаваў у некалькі менскіх фірмаў — там кажуць, што плякат памерам тры на шэсьць мэтраў каштуе больш за 200 даляраў. Таму віншаваньні блізкім такім экстравагантным спосабам у Менску — рэдкая зьява.
Чалавек, які прызнаецца ў каханьні праз вулічныя плякаты, не пагадзіўся на інтэрвію. Яўген Пучкоў, дырэктар рэлямнай агенцыі, які працаваў з гэтай замовай, кажа, што багатыя кліенты пакуль не жадаюць, каб іх імёны рабіліся вядомымі.
(Пучкоў: ) “Таму што гэта вельмі асабістая справа пакуль, і даволі вялікія грошы для зьдзяйсьненьня гэтай справы патрабуюцца. Таму і ня вельмі хочуць людзі свае грошы “сьвяціць”.
А вось што сказала наконт такога прызнаньня ў каханьні жанчына сярэдніх гадоў, якая праходзіла каля рэклямнага шчыта:
(Жанчына: ) “Вы ведаеце, някепска, калі так хлопец падносіць, прыемна дзяўчыне, канечне. Я на гэтае згодная і радая была б, калі б увогуле маладыя людзі вось так зьвярталіся да дзяўчат са сваім каханьнем”.
(Карэспандэнт: ) “А Вас не засмучае, што гэта дорага, больш за 200 даляраў, напэўна?”
(Жанчына: ) “Калі хлопец кахае, калі яны кахаюць адно аднога, дык я лічу, што гэта нядорага. Каханьне ж на ўсё жыцьце”.