Дата разгляду ў абласным судзе касацыйнай скаргі на прысуд Ленінскага раённага суду Горадні ў адносінах да Паўла Мажэйкі й Міколы Маркевіча, асуджаных за паклёп на адрас А.Лукашэнкі, яшчэ не прызначаная.
Разгляд гэтай справы затрымліваецца ў сувязі з тым, што Мікола Маркевіч выказаў пратэст з тае прычыны, што ў пратаколе паседжаньня Ленінскага суду Горадні ягоныя словы перакладзеныя на расейскую мову, прычым неахайна і з памылкамі. Спадар Маркевіч патрабуе, каб гэты дакумэнт быў перароблены ў адпаведнасьці з законам. Ён мяркуе, што абласны суд прызначыць дату паседжаньня па гэтай справе не раней чым праз два–тры тыдні.
Паводле вядомага юрыста Міхаіла Пастухова, Гарадзенскі абласны суд павінен улічыць новы Закон аб амністыі, пад які трапляюць Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка:
(Пастухоў: ) “Закон аб амністыі надрукаваны, і ён дае надзею Маркевічу і Мажэйку на тое, што, можа быць, ім скасуюць прысуд і пакараньне, паколькі іхны артыкул ня ўключаны ў лік тых, на якія не распаўсюджваецца Закон аб амністыі”.
Міхаіл Пастухоў зазначыў, што на падставе артыкулу 9 Закону аб амністыі тэрмін абмежаваньня свабоды гарадзенскім журналістам павінен быць паменшаны на 1 год. Калі ж абласны суд па сваёй ініцыятыве зьменшыць тэрмін пакараньня, вынесены Мажэйку і Маркевічу, то Закон аб амністыі дасьць яму магчымасьць вызваліць іх ад пакараньня цалкам. Адвакат М.Маркевіча Сяргей Цурко зазначыў, што зьбіраецца накіраваць адпаведнае хадайніцтва ў Гарадзенскі абласны суд.
У самога Міколы Маркевіча вялікай радасьці гэтая навіна ня выклікала:
(Маркевіч: ) “Я ніяк не ацэньваю гэта, калі казаць шчыра, бо я чалавек , які не зрабіў нічога супрацьзаконнага. Я журналіст, які выконваў свае абавязкі. Як па мне, то лепей бы, каб гэты 9-ы артыкул прымянілі да людзей, якія сфальсыфікавалі гэтую крымінальную справу. У прынцыпе, мы павінныя атрымаць апраўдальны прасуд. Гэта адзінае, што мы сёньня павінныя патрабаваць ад гэтага рэжыму. Усё астатняе, гэтыя падачкі, як кажуць, на карысьць бедных, мы іх прыняць ня можам”.
Міколу Маркевіча цалкам падтрымлівае Павал Мажэйка:
(Мажэйка: ) “Для нас зь Міколам, канечне, застаецца істотным і важным, што адбудзецца ў Гарадзенскім абласным судзе, ці зьменшаць тэрмін, ці адменяць, але справа ў тым, што, як вы бачыце, гэты канвэер працуе далей. Хутка будзе суд над В.Івашкевічам, узбуджаная справа супраць А.Лябедзькі. Таму галоўнае — накіраваць нашыя намаганьні, каб далей не паўтарылася гэтых працэсаў”.
Тым часам БНФ ды іншыя грамадзкія арганізацыі распачалі збор заяваў ад грамадзянаў з патрабаваньнем да Гарадзенскага абласнога суду “аб’ектыўна і ўсебакова разгледзець у межах касацыйнай вытворчасьці гэтую справу і прыняць рашэньне аб спыненьні крымінальнай справы ў адносінах да М.Маркевіча і П.Мажэйкі”. Паводле інфармацыі адказнага сакратара ўправы БНФ Аляксея Кавальца, у Гарадзенскі абласны суд накіраваныя першыя дзясяткі такіх заяваў грамадзянаў.