Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТЫ АПАЗЫЦЫЙНЫХ ПАРТЫЯЎ БУДУЦЬ РАЗАМ ВЫЛУЧАЦЬ СВАІХ ПРАДСТАЎНІКОЎ У ВЫБАРЧЫЯ КАМІСІІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Напярэдадні гэтага паседжаньня зьявілася інфармацыя, што Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў прыняла рашэньне пра стварэньне адмысловага каардынацыйнага органу ў справе вылучэньня сяброў гэтых партыяў у выбарчыя камісіі.

Аднак высьветлілася, што гэта не зусім так. Кансультацыйная рада падтрымала гэтую прапанову, аднак не змагла прыняць адпаведнае рашэньне з прычыны адсутнасьці кворуму — на паседжаньні адсутнічалі прадстаўнікі лібэрал-дэмакратаў Гайдукевіча й сацыял-дэмакратаў Статкевіча.

Аднак на сёньняшнім паседжаньні прадстаўнікі амаль усіх партыяў выказалі згоду працаваць у справе вылучэньня сваіх актывістаў у выбарчыя камісіі. Адсутнічаў толькі прадстаўнік камуністаў, але лідэры ПКБ ужо даўно засьведчылі сваё жаданьне каардынаваць дзеяньні зь іншымі партыямі — як у справе вылучэньня ў камісіі, так і ў справе назіраньня за выбарамі.

Гаворыць старшыня сёньняшняга паседжаньня, намесьніца старшыні БНФ Галіна Сямдзянава:

(Сямдзянава: ) “Прынятае рашэньне, што мы ўсе разам будзем займацца падборам сяброў у выбарчыя камісіі. Гэтае рашэньне прынятае партыямі даўно, яно не выклікае ніякіх пярэчаньняў, бо толькі разам мы можам супрацьстаяць некай фальсыфікацыі й правесьці сваіх кандыдатаў у мясцовыя саветы”.

Паводле спадарыні Сямдзянавай, апазыцыйныя партыі хочуць правесьці сваіх прадстаўнікоў альбо сяброў недзяржаўных дэмакратычных арганізацыяў у большасьць выбарчых камісіяў, хаця зрабіць гэта будзе няпроста. А на сваім паседжаньні 30 ліпеня Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў павінная надаць гэтай рабочай групе афіцыйны статус.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG