Учорашнія патрабаваньні Лукашэнкі да міністра інфармацыі Падгайнага “разабрацца” з апазыцыйнай прэсай прадстаўнікоў незалежных мэдыяў не напалохалі: у сёньняшніх нумарах буйных выданьняў на першых палосах зьмешчаныя камэнтары да ўчорашняй сэлектарнай нарады.
Выдаўцы газэтаў не зьбіраюцца мяняць палітыку ў асьвятленьні жніва, бо яна адпавядае фактычнаму становішчу ў аграпрамысловым комплексе. А папрокі журналісты адрасуюць не сялянам, а чыноўнікам зь іхнай безгаспадарчасьцю, — заяўляюць рэдактары асноўных недзяржаўных выданьняў. Гаворыць галоўны рэдактар “Беларускага часу” Аляксандар Старыкевіч:
(Старыкевіч: ) “Я наагул ня бачу, каб нехта юродстваваў з нагоды працаўнікоў сяла, як гэта было сказана. Іншая рэч, што гэтыя “бойкі” за ўраджай, якія штогод ладзіць нашая ўлада, яны выглядаюць сапраўды сьмешна, таму гіронія й сарказм журналістаў цалкам апраўданыя. Але ён тычыцца чынавенства, а не сялянаў — гэта першае. Другое — мы самі вызначаем рэдакцыйную палітыку, таму пісаць пра гэта мы будзем, але не зусім так, як уяўляе Лукашэнка. А ягонае ўяўленьне пра мэдыі — на ўзроўні 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя”.
Гэткага ж меркаваньня прытрымліваецца і галоўны рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч. Паводле ягоных словаў, на працы вяскоўцаў паразытуюць не журналісты, а шматтысячаная армія чыноўнікаў. Гаворыць Іосіф Сярэдзіч:
(Сярэдзіч: ) “У нас няма ніякіх падставаў, каб мяняць палітыку ў асьвятленьні ўборачнай. Вы можаце сабе ўявіць, скажам, нямецкія газэты, першыя старонкі якіх расказваюць пра людзей, што з раніцы да ночы змагаюцца за ўраджай? Па-першае, там ніхто не змагаецца, бо тая ж нямецкая дзяржава стварыла ўсе ўмовы. Вось чаму перш чым палохаць нас, журналістаў незалежных выданьняў, Лукашэнку трэба было б падумаць над тым, што ён і яго каманда зрабілі за сем гадоў, каб наш беларускі селянін пачуваў сябе так, як той жа нямецкі селянін.
Нам вельмі шкада людзей, якія кормяць шматтысячную армію чыноўнікаў, якія сапраўды зьяўляюцца нахлебнікамі. А “Народная Воля” ніколі ня зьдзекавалася зь беларускага хлебароба. Яна яму проста толькі спачувае”.
Галоўны рэдактар “Беларусской деловой газеты” Сьвятлана Калінкіна перакананая, што чарговы напад на недзяржаўныя выданьні ня мае да жніва ніякага дачыненьня. Паводле ейных словаў, задушыць незалежныя мэдыі — галоўная задача й дзяржаўная палітыка ўладаў. Гаворыць Сьвятлана Калінкіна:
(Калінкіна: ) “Як мне здаецца, Аляксандар Лукашэнка аддае загад разабрацца зь незалежнымі мэдыямі ўсім чыноўнікам, зь якімі ён сустракаецца. На мой погляд, гэта не зьвязана непасрэдна з ураджаем. Проста дадзеная каманда зь любой нагоды разабрацца зь незалежнымі журналістамі. Мы ніяк не зьбіраемся зьмяняць сваё асьвятленьне цяперашняй кампаніі збору ўраджаю. Мы памятаем, што прагноз ад афіцыйных асобаў Мінсельгасхарчу пра ўраджай быў несуцяшальны. І цяпер спрабуем разабрацца, чаму ж урад і прэзыдэнт літаральна за тыдзень так аптымістычна сталі глядзець на пэрспэктывы. І які ўсё ж ураджай у нашай краіне”.
Фактычным пацьверджаньнем словаў спадарыні Калінкінай пра дзяржаўную палітыку на зьнішчэньне незалежнага друку ёсьць учорашняя няўдалая спроба ўладаў зьняць з пасады галоўнага рэдактара прафсаюзнай газэты “Беларускі час” Аляксандра Старыкевіча, а таксама чарговы суд над газэтай “Народная Воля”, які распачынаецца ў панядзелак.