Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫ ПРАЕКТ КАМПАНІІ “БЕЛАПАН” — ІНТЭРНЭТ-ВЫДАНЬНЕ “БЕЛАРУСКІЯ НАВІНЫ”; САЙТ ГАЗЭТЫ “НАВІНКІ”


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: рэдактар Аляксандар Класкоўскі, рэдактар Павал Канавальчык.

Сёньня ў беларускім Інтэрнэце ўжо шмат чаго ёсьць. Многія нішы запоўненыя, у некаторых сфэрах разгарнулася сур’ёзная канкурэнтная барацьба. Тым ня менш, у байнэце дасюль няма, бадай, самага галоўнага — сапраўднага навінавага сайту, які б абнаўляўся штохвілінна і даваў поўную карціну падзеяў у Беларусі.

І вось зьявіўся праект, які прэтэндуе заняць гэтую нішу. Гэта “Белоруcские новости” — Інтэрнэт-газэта кампаніі “БелаПАН”. Мы гутарым з рэдактарам праекту Аляксандрам Класкоўскім.

(Класкоўскі: ) “Мы — кампанія прыватная, што для Беларусі пакуль, мякка кажучы, нетыпова. Натуральна, ніхто нам ніякіх датацыяў не дае, і мы, каб выжываць, павінныя глядзець у заўтрашні дзень, трохі апярэджваць час. Сёньня ў краіне пакуль ня так шмат кампутараў, але я думаю, што прыйдзе іншы час — нармальная эканоміка, болей свабоды слова. Тады наш рэсурс разгорнецца напоўніцу. Але ўжо сёньня трэба працаваць на заўтрашні дзень”.

(Цыганкоў: ) “Калі ў Беларусі зьявіцца больш карыстальнікаў Інтэрнэту, то вы думаеце, што ваш сайт нават можа стаць рэнтабэльным, акупляльным?”

(Класкоўскі: ) “Натуральна, мы разьлічваем на рэкляму. У нас нават тэхналягічна прадугледжаныя так званыя “вушкі” — такія элемэнты ў канструкцыі сайту, дзе будуць зьяўляцца рэклямныя блёкі.

Але ўсё ж ня толькі і ня столькі нейкія мэркантыльныя меркаваньні рухаюць намі — думаю, наша задача ўсё ж шырэйшая. “БелаПАН”, напрыклад, традыцыйна падтрымлівае мясцовую прэсу, ня маючы на гэтым нейкіх матэрыяльных набыткаў. Мы разьлічваем, што нашыя камэнтары, якія мы імкнемся рабіць аргумэнтаванымі, узважанымі, даваць розныя пункты гледжаньня, — будуць запатрабаваныя мясцовай прэсай. Бо там вялікі дэфіцыт аналітычных матэрыялаў”.

(Цыганкоў: ) “Ваш сайт толькі пачынае працу, і пакуль на ім пераважаюць матэрыялы іншых СМІ. Якая тут мяркуецца прапорцыя, наколькі сайт будзе запаўняцца ўласнымі навінамі, наколькі будзе прадстаўляць усе падзеі зь Беларусі?”

(Класкоўскі: ) “Натуральна, наш курс на тое, каб было як мага болей арыгінальнай эксклюзіўнай нашай інфармацыі. Сёньня мы толькі пачынаем нашую працу — думаю, да восені мы раскруцімся. Прыемна, што ўжо сёньня нас ведаюць. Мы маем 150–200 наведнікаў штодня. Мяркую, пэрспэктыва ў нас някепская”.

(Цыганкоў: ) “Чым будуць адрозьнівацца “Белоруcские новости” ад сайту “БелаПАНу”? Ці ня будуць яны дубляваць адно аднаго? Ці прадуманая стратэгія ўваходжаньня на інфармацыйны Інтэрнэт-рынак?”

(Класкоўскі: ) “Наадварот — думаю, тут такі натуральны сымбіёз. “БелаПАН” — гэта найперш інфармацыйнае агенцтва, гэта хуткія навіны, напісаныя сухім стылем — такія законы жанру. Мы ж, адштурхоўваючыся ад іх, робім камэнтары, нейкія высновы — карацей, дапаўняем “БелаПАН”, маючы магчымасьць даваць апэратыўную аналітыку.

Можа ўзьнікнуць пытаньне, чаму ў “Белорусских новостях” пераважаюць навіны на расейскай мове. Яно сапраўды так, хоць ужо сёньня, паглядзеўшы на сайт, вы ўбачыце беларускую мову, у тым ліку і “тарашкевіцу”. Я думаю, гэта толькі пачатак, і надалей мы будзем імкнуцца з улікам сёньняшняй складанай і нават драматычнай моўнай сытуацыі ў краіне, мы будзем усе намаганьні прыкладаць, каб зьмяніць моўны балянс на карысьць беларускай мовы.

Разам з тым, пэрспэктыва ня ў тым, каб рабіць нейкі вінэгрэт, а каб былі проста паралельныя варыянты сайту на расейскай, беларускай і ангельскай мовах — гэта ідэал. Думаю, у пэрспэктыве ў нас будуць тры аналягічныя варыянты на трох мовах”.


* * *

У беларускім Інтэрнэце паболела гумару. 16 ліпеня зьявіўся — ці, дакладней сказаць, аднавіўся — сайт газэты “Навінкі”. “Аднавіўся” — бо Інтэрнэт-вэрсіі газэты сустракаліся і раней. У 1999 годзе незалежна ад рэдакцыі чытачы зрабілі сецевую вэрсію выданьня, якая, урэшце, доўга не пратрымалася. Пасьля гэтага было яшчэ некалькі спробаў, але толькі цяпер рэдакцыя ўсур’ёз занялася сайтам. Дзеля чаго? Ці толькі таму, каб “мець свой сайт” ці для рэальнага пашырэньня аўдыторыі? Пра гэта мы гаворым з рэдактарам “Навінак” Паўлам Канавальчыкам.

(Канавальчык: ) “Сэнс сайту хутчэй ня ў тым, каб скапіяваць Інтэрнэт-вэрсію папяровай газэты. Наадварот, я хачу расчараваць чытачоў, якія жадаюць чытаць нас у Інтэрнэце — хутчэй за ўсё, газэта ня будзе дублявацца ў Інтэрнэце. Мы хочам больш пільна падысьці да коміксаў — напрыклад, на нашым сайце зьявіцца мультыплікацыя, прысьвечаная нашым коміксам”.

(Цыганкоў: ) “Сапраўды, ад “Навінак” заўсёды чакаеш трошкі большага, чым проста тэкстаў. У гэтым сэнсе сайт чым-небудзь можа зьдзівіць? Можа, вы жадаеце стаць своеасаблівым гумарыстычным цэнтрам у белнэце? Ці сайт будзе такой “рэччу ў сабе” самадастатковай?”

(Канавальчык: ) “Ні ў якім разе мы ня хочам быць “рэччу ў сабе”. Мы заўсёды імкнемся да адкрытасьці, супрацоўніцтва з усімі іншымі ініцыятывамі такога кшталту. Спадзяюся, што www.navinki.net пераўтворацца ў партал рознай (ня толькі сатырычнай) нестандартнай сецевай журналістыкі.

Безумоўна, наш сайт — гэта найперш экспэрымэнт. Мы хочам знайсьці нейкі новы мэтад падачы матэрыялу да карыстальнікаў Інтэрнэту. Паўтаруся, наш Інтэрнэт-праект ня будзе дубляваць газэту, і ягоны сэнс — дапаўняць папяровыя “Навінкі” і ніякім чынам ад яе не залежаць. Гэта будзе больш шырокі праект у адрозьненьне ад іншых газэтных сайтаў, дзе проста выстаўляюцца тэксты, якія друкуюцца ў папяровай газэце”.

(Цыганкоў: ) “Сайт — гэта пэўныя выдаткі. Ці разьлічваеце вы зрабіць яго калі-небудзь рэнтабэльным?”

(Канавальчык: ) “Безумоўна, мы глядзім на гэты праект цалкам з пункту гледжаньня “адбіцьця” тых грошай, якія мы ўкладаем у яго. Мы стваралі гэты сайт, мяркуючы пашырыць Інтэрнэт-журналістыку. Мы зьбіраемся ўводзіць флэш-мультыплікацыю, якая пакуль не існуе ў беларускім Інтэрнэце. Увогуле, сайт мы бачым як рэклямны праект для падтрымкі традыцыйнага папяровага выданьня”.

(Цыганкоў: ) “Вы сказалі пра флэш-мультыплікацыю. Ці азначае гэта, што на вашым сайце можна будзе паглядзець пэўныя мультфільмы?”

(Канавальчык: ) “Безумоўна. Мы будзем імкнуцца да нейкіх экспэрымэнтаў у сфэры мультыплікацыі. Мы хочам зрабіць нашыя коміксы, якія статычныя ў папяровым выданьні, “мульцяшнымі” і жывымі ва ўспрыманьні карыстальніка Сеціва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG