Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ ІЗРАІЛЬ ЗАЧЫНЯЕ СВАЮ АМБАСАДУ Ў БЕЛАРУСІ?


Юры Дракахруст, Прага

Акрамя таго, што ў Беларусі дагэтуль існуе даволі вялікая габрэйская абшчына, значная колькасьць дзеячаў сыянісцкага руху і стваральнікаў дзяржавы Ізраіль паходзілі з Беларусі. Дарэчы, і міністар замежных справаў Ізраілю Шымон Пэрэс, які і абвесьціў пра закрыцьцё амбасадаў, нарадзіўся ў Беларусі. Пра прычыны закрыцьця амбасады ў Менску гаворыць першы амбасадар Ізраілю ў Беларусі Эліягу Валк.

(Валк: ) “Шыман Пэрэс – выхадзец зь Беларусі. Дзякуючы гэтаму чыньніку рашэньне пра закрыцьцё амбасады ў Беларусі прымалася раней, але адмянялася ледзьве не з прычыны асабістага ўмяшальніцтва Пэрэса. Ён мае пэўныя сантымэнты. Аднак краіна ня можа кіравацца сантымэнтамі нават аднаго з самых высокіх чыноўнікаў дзяржавы.

Зразумела, закрыцьцё амбасады ўскладніць сувязь Ізраіля с краінаю, дзе гэтая амбасада ліквідуецца. Беларусь сапраўды адзіная краіна Ўсходняй Эўропы, дзе вырашана зачыніць амбасаду. Але яна не адзіная краіна Ўсходняй Эўропы, дзе ня будзе ізраільскай амбасады.

З суседняй зь Беларусьсю Літвы выйшла ня менш дзеячоў сіянісцкага руху і стваральнікаў габрэйскай дзяржавы, але ў Вільні няма ізраільскай амбасады. Няма амбасадаў у шэрагу краінаў Цэнтральнай Азіі, ў Кішынёве таксама няма амбасады і нават кансуляту. Так што жыхары Беларусі і ўлады гэтай краіны не павінны бачыць у гэтым рашэньні нейкую зьмену стаўленьня Ізраіля да Беларусі.

Што да прычынаў закрыцьця амбасадаў, то мы вядзем барацьбу ня толькі на лініі фронту, што праходзіць праз нашыя гарады. Інфармацыйная вайна вельмі важная, вельмі складаная і надта дарагая.

Што тычыцца Беларусі, то мне асабіста балюча чуць пра тое, што амбасада, у стварэньне якой я уклаў шмат працы, зачыняецца. Але я амаль упэўнены, што гэты крок не адаб’ецца на двухбаковых адносінах. Апроч усяго яшчэ і таму, што эканамічныя адносіны паміж нашымі краінамі пакуль яшчэ вельмі слабыя.

Я спадзяюся, што і палітычныя колы Беларусі зразумеюць гэты крок, і насельніцтва краіны будзе працягваць сувязі з Ізраілем, карыстаючыся консульскімі паслугамі найбліжэйшых да Менску амбасадаў у Маскве, Кіеве і Рызе”.

У сярэдзіне ліпеня на Маскоўскіх і Паўночных могілках у Менску адбылося масавае апаганьваньне габрэйскіх магілаў. Гэты акт вандалізму выклікаў пратэсты габрэйскай абшчыны Беларусі. Аляксандар Лукашэнка заявіў учора, што ў Беларусі не было і няма глебы для распальваньня антысэміцкіх настрояў, і дадаў, што лічыць акты вандалізму адносна габрэйскіх магілаў звычайным хуліганствам. Мы папрасілі сп. Валка пракамэнтаваць гэтую ацэнку кіраўніка Беларусі.

(Валк: ) “Я мяркую, што Лукашэнка пайшоў вельмі лёгкім і пратаптаным шляхам лідэраў іншых краінаў, і ня толькі Ўсходняй, але і Заходняй Эўропы, дзе выпадкі вандалізму маюць месца. Прасьцей за ўсё абвесьціць тых, хто апаганьваў магілы, хуліганамі. Але гэта нейкія вельмі дасьведчаныя хуліганы, яны дакладна ведаюць, дзе габрэйскія, а дзе негабрэйскія магілы. І яны вельмі дакладна разумеюць, што свастыка, намаляваная на габрэйскай магіле, гэта куды больш абразьліва для памяці пахаванага чалавека і яго родных, чым свастыка, намаляваная на любой іншай магіле. Я мяркую, што дарадцам Лукашэнкі варта было падшукаць для яго лепшы адказ, чым проста абвесьціць іх хуліганамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG